Грамадcкасць Гародні заклікала аднавіць Фару Вітаўта



Гарадзенец Аляксандр Зімін апублікаваў у сацсетках зварот да кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі і міністра культуры — аднавіць у Гародні ўзарваную савецкімі ўладамі ў 1961 годзе Фару Вітаўта. За некалькі дзён пад зваротам падпісаліся звыш 150 чалавек.

Аляксандар Зімін нагадвае Аляксандру Лукашэнку і міністру Святлову, што Фара Вітаўта — знакавы храм не толькі для Гародні, але і для ўсёй Беларусі, як полацкая Сафія. Паводле Зіміна, Фара Вітаўта — несправядліва страчаны гістарычны сімвал народу, і аднаўленьне храма ў Гародні стане для ўсіх беларусаў, а таксама і нашых нашчадкаў, прыкладам таго, што мы здольныя выпраўляць памылкі гісторыі і шанаваць памяць продкаў.

Зімін сказаў Свабодзе, што Гародня з аднаўленнем святыні набудзе зусім іншы выгляд, а гэта можа паўплываць і на яе турыстычную прывабнасць.

— Цяпер на месцы Фары Вітаўта стаіць помнік, які абʼядноўвае дзве рэлігіі, і гэта добра. Але будзе справядліва ў адносінах да тых людзей, хто будаваў храм — аднавіць яго. Я прывожу сюды турыстаў з-за мяжы, і яны заўсёды задаюцца пытаннем — што гэта за помнік? А потым пытаюцца — чаму нельга аднавіць храм? Ведаеце, я сам карэнны гарадзенец, люблю свой горад, і мяне гэтыя пытанні глыбока закранулі, бо я ніяк не мог на іх адказаць.

Зімін прапаноўвае наладзіць па гэтым пытанні грамадскія слуханні, і калі грамадскасць падтрымае прапанову, абвясціць збор сродкаў на аднаўленне Фары Вітаўта.

Гарадсенскі гісторык, доктар гістарычных навук Алесь Краўцэвіч, камэнтуючы для Свабоды грамадскую ініцыятыву, згадвае, што з прапановай аднавіць Фару Вітаўта выступаў яшчэ ў 1992 годзе, калі быў удзельнікам раскопак на месцы ўзарванага храма. Паводле яго, храм быў архітэктурнай дамінантай цэнтру гістарычнай часткі гораду, на яго былі завязаныя ўсе вуліцы, кампаноўкі, прасторавыя арыенціры. Ён цалкам падтрымлівае новую грамадскую ініцыятыву.

— І не менш значна тое, што гэта сімвал. Камуністы яго разбурылі, а незалежная беларуская дзяржава і грамадскасць гэта павінны аднавіць. Гэта магло б стаць, як было ў Празе, калі аднаўлялі сабор святога Віта. Кожны чэх уносіў хоць па кроне на аднаўленне храма, і гэта абʼядноўвала нацыю. Чаму б не зрабіць такое ў нас?

Краўцэвіч кажа, што варта гаварыць пра тое, каб аднавіць увесь гістарычны цэнтр Гародні — і ратушу, і палац Радзівілаў, і іншую гістарычную забудову.

— Вельмі важна рабіць гэта ў комплексе. Зразумела, што хутка не атрымаецца. Няхай гэта расцягнецца на гады, але важна гэта рабіць. Нават калі напачатку будуць толькі макеты. Але людзі павінны бачыць гэта і імкнуцца вярнуць гораду страчаную гісторыю.

На сённяшні дзень пад зваротам Зіміна падпісалася звыш 150 чалавек. Ён мае намер збіраць подпісы яшчэ два тыдні.

— У нас складаецца такая тэндэнцыя, што людзі пішуць у каментарах — маўляў, не ў гэтай краіне і не ў гэты час. Але я бачу, што помнікі ў Беларусі ўсё ж аднаўляюцца, проста трэба больш настойлівасці. І калі я дашлю ўладам ліст з некалькімі тысячамі подпісаў, то гэта будзе выглядаць інакш, чым калі б там было толькі сто подпісаў.

Каталіцкі храм, вядомы пад назвай Фара Вітаўта, быў збудаваны напрыканцы XIV стагоддзя. У ХІХ стагоддзі царскія ўлады перабудавалі яго ў галоўны праваслаўны храм губерні. У міжваенны час, калі Гародня апынулася пад Польшчай, храм ізноў перабудавалі ў касцёл. Ён ацалеў і падчас Другой сусветнай вайны, але 29 лістапада 1961 году савецкія ўлады ўзарвалі яго.

svaboda.org