Грамадскага актывіста Алеся Меха будуць судзіць
Грамадскага актывіста Алеся Меха з Кобрыні ў 15.30 будуць судзіць у судзе Кобрыньскага раёна за непадпарадкаванне міліцыі. Паводле Меха – гэта чарговая хлусня міліцыі. Іх, са знаёмым Дзмітрыем Чарніцкім, які дапамагаў на выбарах Меху, а дзясятай раніцы 15 жніўня брутальна затрымалі людзі ў чорным адзенні і чорных масках на твары пры выхадзе з пад’езда Чарніцкага.
Мех і Чарніцкі знайшлі ў кватэры Чарніцкага праслухоўваючую прыладу. Прылада з’явілася пасля гвалтоўнага затрымання міліцыяй пару дзён таму Чарніцкага. Яго пратрымалі цэлы дзень у міліцыі, ключы ад кватэры забралі пры затрыманні, вярнулі са слядамі масцікі.
На іх з Чарніцкім напалі чыста па-бандыцку, кажа Алесь Мех:
— Калі мы выходзілі з пад’езда на выхадзе уварваліся не ведаю колькі там чалавек . Яны схапілі мяне за шыю, нахілілі да падлогі і пасалі душыць ды адначасова біць нагамі ў жывот. Потым павалілі на зямлю, надзелі кайданкі і пацягнулі ў машыну, нахіляючы галаву, каб я нічога ўвогуле не ведаў. Нас прывезлі ў міліцыю і развялі па розных кабінетах. Мне на галаву накінулі коўдру, каб я нічога не бачыў.
Па словах Алеся Меха, ў 15 гадзін яго завезлі ў лякарню. Узялі аналіз крыві на наяўнасць алкаголю і наркотыкаў. У лякарні яму стала дрэнна. Пасля аказання дапамогі медыкамі, зноў завезлі ў міліцыю і склалі пратакол за непадпарадкаванне. Ні пра што не пыталі, запужвалі за апазіцыйную дзейнасць. Затым завезлі ў суд. Дзе Мех заявіў пра жаданне мець адваката. Пазваніць сям’і не далі.
Дзмітрыя Чарніцкага пакаралі агулам у 22 базавыя велічыні штрафу нібы за лаянку матам і непадпарадкаванне міліцыі.
Мех лічыць гэта зачысткай перад восеньскімі акцыямі.
Поўны матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:
Беларускае Радыё Рацыя