Грамадскасць дапамагае бацькам Міхаіла Жызнеўскага пераехаць у новую кватэру
Грамадскасць дапамагае бацькам забітага ў Кіеве гамельчука Міхаіла Жызнеўскага пераехаць у новую кватэру. Сродкі на пераезд са здымнага жытла ва ўласную кватэру збіралі валанцёры ў некалькіх краінах, а таксама ўкраінскія дабрачынныя фонды.
Паводле аднаго з каардынатараў збору сродкаў Андрэя Стрыжака, маці героя Украіны Ніна Васільеўна Жызнеўская вельмі ўдзячная ўсім неабыякавым людзям за дапамогу:
– Бацькі, у прынцыпе, жылі даволі бедна з-за таго, што з пэўных прычын пазбавіліся свайго жытла. Яны яго не прапілі, не прагулялі, але абставіны склаліся так, што яны страцілі жытло. Той узровень даходаў, які ў іх быў не дазваляў спадзявацца на тое, што яны зноў могуць атрымаць месца, дзе змогуць спакойна правесці сваю старасць. Трэба дакладна разумець, што такія грошы, якія патрэбныя на кватэру, даволі складана сабраць валанцёрам, таму вельмі моцны ўнёсак у гэта ўнеслі ўкраінскія фонды, якія прызначаныя для дапамогі родным загіблых на Майдане.
Бацькі героя Украіны Міхаіла Жызнеўскага плануюць засяліцца ў новую двухпакаёку ў пачатку восені. Акцыя па зборы сродкаў для бацькоў Міхаіла Жызнеўскага стартавала праз некалькі дзён пасля ягонай трагічнай гібелі ад кулі невядомага снайпера на барыкадах вуліцы Грушэўскага ў Кіеве.
Беларускае Радыё Рацыя