Наталля Папкова выйшла на волю
Грамадская актывістка Наталля Папкова падала апеляцыю ў суд Ленінскага раёна Берасця. Адбылося гэта адразу пасля яе выхаду з сямісуткавага арышту за “ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве” 8 верасня ў Менску. Падрабязней кажа сама Наталля:
– Спачатку, каля я яшчэ ехала на суд, меркавала, што мне дадуць хутчэй за ўсё суткі. І таксама меркавала, што адразу буду сядзець. Але пасля суда я падлічыла, што нам далі 5 дзён на абскарджванне. Атрымліваецца, што некалькі дзён у мяне ёсць. Я на волі і буду абскарджваць. Яны, як я мяркую, хочуць зламаць мяне, каб я перастала ўдзельнічаць у акцыях.
Такім чынам, на час разгляду апеляцыі ўжо пятнаццацісуткавы арышт, накладзены судом Ленінскага раёна Берасця за ўдзел у яшчэ адной акцыі, адкладзены. Гэты арышт датычны ўдзелу ў “Маршы абураных беларусаў 2.0”.
“Свае адміністрацыйныя справы лічу палітычнымі”, – падсумоўвае Наталля Папкова.
Берасцейская грамадская актывістка адбывала 7 сутак арышту ў ізалятары часовага ўтрымання Ленінскага РАУС Берасця за ўдзел “несанкцыянаванай вулічнай акцыі”, якая адбылася ў Менску 8 верасня. Справа ў тым, што над Папковай адбыўся яшчэ адзін суд, які прысудзіў ёй яшчэ 15 сутак, але ўжо за іншае мерапрыемства – “Марш абураных беларусаў 2.0”:
— Я думала, што мяне праз 22 сутак выпусцяць, але прыйшла адвакатка і мы вырашылі падаваць апеляцыю. Сёння апошні тэрмін, і выпусцілі сёння. Яны мяне папярэджвалі, што спачатку выпусцяць, а потым зноў забяруць.
Наталлю Папкову затрымалі 2 лістапада ў 07:30 непадалёк месца дзе яна жыве. Актывістка ішла ў паліклініку, каб закрыць бальнічны ліст, аднак гэта ніяк не паўплывала на рашэнне міліцыянтаў і суда аб яе затрыманні і змяшчэнні пад варту.
Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце