Грамадскі актывіст Анатоль Ваткевіч пакараны арыштам



У Пінску грамадскі актывіст Анатоль Ваткевіч пакараны адміністрацыйным арыштам. Яму далі 15 сутак за нібы ўдзел 18 кастрычніка ў шэсці на пешаходнай вуліцы.

Праваабаронца Вераніка Іванова гаворыць, што паводзіны сілавікоў, як і ўсёй дзейнай улады, нагадваюць агонію:

– Не па сваёй волі я апошнім часам вельмі шмат гутару з супрацоўнікамі, і яны робяць уражанне спалоханых людзей. Яны ўспрымаюць усур’ёз перспектывы страты свайго становішча, і яны з усіх сваіх сілаў спрабуюць захаваць тое, што было раней. У маім разуменні гэта курчы чалавека, які тоне, які хапаецца за ўсё, што толькі магчыма. Ім падаецца, што калі яны асобных людзей прыбяруць з вуліц, то раптам спыніцца ўсялякае абурэнне.

Ад панядзелка ў Пінску зноў запрацаваў судовы канвеер. Па 15 сутак ужо атрымалі сем актывістаў-мужчынаў, а жанчыну-валанцёрку пакаралі сямі суткамі арышту.

Беларускае Радыё Рацыя