Грамадскі актывіст са Слоніма адзначае юбілей



Івана Бедку са Слоніма часта сустракаю на лецішчах. Там на сотках ён любіць у вольны час пакапацца з лапатаю ці граблямі. Ён апантаны зямлёй, кветкамі, дрэвамі, травой, птушкамі. Ды і не любіць ён іх не можа, бо сам, як кажа Іван Сямёнавіч, вясковы хлопец, таму жыццё і клопаты сялян, прыроду і зямлю, чым жыве вясковец, як пахне ралля і як спяваюць птушкі ведае добра, бо ўсё перажыў з самага маленства.

Маленства і юнацтва

Праваслаўны хрысціянін Іван Бедка нарадзіўся ў беларускай сялянскай сям’і Сямёна Андрэевіча і Ганны Сцяпанаўны. Звычайныя вясковыя людзі, якія ўсё жыццё адпрацавалі на роднай зямлі. Пакідаў бацька родную вёску Шылавічы Слонімскага раёна толькі адзін раз, калі забралі яго на фронт. Дзякаваць Богу, вярнуўся з вайны з ордэнамі і медалямі.

Сям’я ў Сямёна і Ганны Бедкаў была вялікая – ажно пяцёра дзяцей. Таму маленства было нялёгкім, бо даводзілася шмат працаваць, каб выжыць. Іван распавядае, што пасля школы і на канікулах працаваў у калгасе на палявых работах. Навучыўся рана баранаваць, праполваць і асыпаць бульбу, касіць траву, вазіць сена, запрагаць каня, нарыхтоўваць на зіму дровы. Але спачатку пасвіў кароў. Пасучы хатнюю жывёлу, вучыўся ў старэйшых хлопцаў плесці лазовыя кошыкі. Гэта захапленне не пакідае яго і да сённяшніх дзён.

Пасля пайшоў у школу, спачатку скончыў мясцовую васьмігодку, а потым вучыўся ў Слоніме. Любіў чытаць мастацкую літаратуру, кніг не выпускае з рук і да сённяшніх дзён.

У 1968 годзе Івана Бедку прызвалі ў Савецкую Армію. Службу праходзіў у групе савецкіх войск у Германіі. А калі пачаліся вядомыя падзеі ў Чэхаславакіі, адправілі вайскоўца-беларуса туды. «Але зброю супраць чэхаславацкага народу я не прымяняў, абышлося тады без нас», – прыгадвае Іван Сямёнавіч.

Фельчар

Пасля арміі Іван Бедка скончыў Слонімскае медвучылішча па спецыяльнасці фельчар. Паступаў у Гарадзенскі медінстытут, але на хапіла двух балаў, таму ў інстытут не прайшоў па конкурсе. Але не адчайваўся, а пачаў працаваць фельчарам. Спачатку ў Мастоўскім раёне, а потым вярнуўся на родную Слонімшчыну і ўладкаваўся фельчарам у Слонімскі медвыцвярэзнік. А з 1982 года перайшоў на працу ў наркалагічны кабінет Слонімскай цэнтральнай раённай бальніцы. Любіў сваю працу, нават прайшоў курсы навучання па методыцы Г.А. Шычко аб пазбаўленні шкодных звычак. Праводзіў работу з пацыентамі аб пазбаўленні іх ад алкагольнай, наркатычнай і тытунёвай залежнасці. Працаваў там да 2009 года. Але аднойчы яго выклікаў галоўны ўрач бальніцы Юрый Пяцельскі і сказаў, што з ім больш не будуць працягваць кантракту. Але гэта будзе пазней.

Сябра БНФ

У 1989 годзе ў Слоніме мясцовы актывіст і паэт Рудольф Пастухоў зарэгістраваў у райвыканкаме Слонімскую арганізацыю БНФ. Яму дапамагалі настаўнік Мікалай Ракевіч і гісторык Ігар Падгарадзецкі. Праз пэўны час кіраўніком Слонімскай партыі БНФ быў абраны Мікалай Ракевіч.

І дзейнасць слонімскіх сяброў БНФ значна актывізавалася. Пачалі актыўна наладжвацца пікеты, мітынгі, сустрэчы сярод насельніцтва. Да партыі БНФ хутка далучыўся і Іван Бедка. А ў кастрычніку 1993 года сябры БНФ разам са святаром айцом Сергіем усталявалі ў цэнтры Слоніма вялікі крыж, дзе да вайны і пасля вайны стаяў праваслаўны сабор (у 1960-х гадах сцены сабора разбілі танкамі і поўнасцю знішчылі). У 1994 годзе старшынёй Слонімскай Рады БНФ аднагалосна быў абраны Іван Бедка. Пасля абрання яго кіраўніком, на адной з сустрэч Іван Сямёнавіч сказаў: «Сябры, так жыць далей нельга. Нешта трэба мяняць у нашым жыцці, якое не паляпшаецца».

Сустрэча з Зяном Пазняком у Слонімскім РДК. Іван Бедка злева ад Зянона Пазняка. 1994 г.

Выбары

У 1994 годзе ў Беларусі адбываліся першыя дэмакратычныя выбары прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. У выбарах удзельнічалі 6 кандыдатаў. Слонімскія сябры БНФ працавалі на карысць Зянона Пазняка. Яны збіралі подпісы, вялі вялікую агітацыйную працу, ладзілі назіранне. А ў лютым 1994 года арганізавалі ў Слонімскім РДК сустрэчу з Зянонам Пазняком. Людзей на сустрэчу прыйшло столькі, што вялікая зала РДК змясціць усіх не змагла. Такой сустрэчы раённы Дом культуры (цяпер Цэнтр культуры) у Слоніме не ведаў з дня яго пабудовы і да сённяшніх дзён. «У выніку фальсіфікацый у другі тур прэзідэнцкіх выбараў прайшлі Вячаслаў Кебіч і Аляксандр Лукашэнка», – успамінае Іван Сямёнавіч.

Але палітычная барацьба ў Слоніме працягвалася. У 1995 годзе праводзіліся выбары ў Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь. Слонімскія сябры партыі БНФ вылучылі па гарадской акрузе кандыдатам у дэпутаты тэатральнага рэжысёра Мікалая Варвашэвіча, а па сельскай акрузе – пісьменніка і настаўніка Аляксея Якімовіча. Іван Бедка ўзначальваў штаб Мікалая Варвашэвіча. Усе сябры-партыйцы разам за двух кандыдатаў правялі вялікую працу сярод насельніцтва. Іван Бедка сёння прыгадвае: «З васьмі кандыдатур, як стала вядома з камісіі, у другі тур выходзілі Мікалай Варвашэвіч і Міхаіл Дмухоўскі. Але падчас чарговай фальсіфікацыі ў другі тур прайшлі праўладны кандыдат Міхаіл Дмухоўскі і загадчык гарадскога аддзела адукацыі Станіслаў Бубен. Перамог тады Дмухоўскі».

Працы і «заахвочванні»

Упершыню ў 1995 годзе Іван Бедка спрабуе балатавацца ў Гарадзенскі абласны Савет. Але марна – не прапускаюць. Ды грамадскі актывіст не спыняецца і не супыняецца. Ён актыўна ідзе ў палітыку, разам са сваімі землякамі актыўна займаецца рознымі грамадскімі справамі. Некалі з Георгіем Маскаўчуком абаранілі ад вынішчэння лесу ў сваім мікрараёне Слоніма. Ён пачынае выдаваць разам з сябрамі па партыі газету «Змагар» (выйшла 6 нумароў), дзе ў кожным нумары публікуе артыкулы на палітычныя тэмы. Выкрывае фальсіфікацыю выбараў у Палату прадстаўнікоў па Бальнічнаму ўчастку Слоніма. Прымае ўдзел амаль ва ўсіх дэмакратычных мерапрыемствах не толькі ў маштабах раёна, але і рэспублікі.

19 снежня 2010 года Іван Бедка прымаў удзел у акцыі апазіцыі супраць фальсіфікацыі выбараў. Яго затрымалі. І 15 сутак ён адбыў на Акрэсціна. Калі я спытаў у Івана Сямёнавіча, што найцяжэй было пераносіць у няволі, ён адказаў, што гэта стаяць у «стаканах»: «Стаканы» – гэта камеры, дзе ўмяшчаліся толькі два чалавекі, а нас туды заганялі па чатыры і трымалі паўтара сутак. Не давалі ні піць, ні хадзіць у туалет, нічога не дазвалялі. Калі прасілі вады, ахоўнікі казалі, што ім самім яе не хапае», – распавядае актывіст.

Вярнуўшыся ў Слонім з Акрэсціна, ён шчыра прызнаўся, што трапіў у Менск на плошчу, каб выканаць свой грамадзянскі абавязак, каб унесці асабісты ўклад у спыненне духоўнага і прававога Чарнобыля на Беларусі, які адбываецца ўжо шмат гадоў. «І я лічыў сваім абавязкам там прысутнічаць. І я свой абавязак выканаў», – сказаў Іван Бедка.

Іван Бедка (другі справа) з землякамі

Архіў позваў

У 2009 годзе Іван Бедка перайшоў у БХД. Сёння ён з’яўляецца каардынатарам партыі БХД у Слоніме. І працягвае праводзіць розныя сацыяльныя кампаніі. А за адну з іх, якая называлася «Найперш працоўныя месцы, а потым дэкрэт аб дармаедстве» з ім і не падпісалі працоўны кантракт.

Але грамадскі актывіст не падае духам, ён жыве і працуе. Праўда, па-ранейшаму шмат яму дастаецца ад мясцовых чыноўнікаў і міліцыі. У сваім хатнім архіве Іван Сямёнавіч захоўвае сотні газетных публікацый пра парушэнні правоў чалавека на Слонімшчыне, пра дзейнасць мясцовага грамадскага руху. Ёсць у яго архіве і розныя даведкі, фотаздымкі, запрашэнні і праграмкі з розных дэмакратычных форумаў, сустрэч, канферэнцый. Захоўвае ён і дзясяткі, а то і сотні позваў у міліцыю, суд, пракуратуру. «Усё гэта для гісторыі спатрэбіцца. Час працуе на нас!», – упэўнена сцвярджае слонімец.

*** Сёння Іван Бедка не толькі праводзіць ідэі у масы, каб пабудаваць грамадзянскую супольнасць, якая зможа адстойваць свае інтарэсы, будзе дамагацца вырашаць свае праблемы і г.д. Іван Бедка, як усе беларусы, хоча лепш жыць, жыць не горш за паляка, літоўца, немца. Гэта жыццёвыя абставіны зрабілі яго палітычна-грамадскім актывістам у рэгіёне. А ён насамрэч – апалітычны чалавек, які пабудаваў дом, пасадзіў шмат дрэў, выгадаваў сына і дачку. Які любіць лецішчы і, вядома ж, плесці кошыкі. А потым іх дарыць сябрам і знаёмым. На памяць.

А 10 снежня слонімцы, родныя і блізкія людзі, а таксама аднапартыйцы, павіншуюць Івана Сямёнавіча з яго 70-годдзем. І пажадаюць здароўя, дабра і сіл на карысць роднай Бацькаўшчыны. З гэтым юбілеем яго віншуем і мы.

Уладзімір Бруцкі і Іван Бедка

Іван Бедка, Віктар Марчык, Станіслаў Шушкевіч, Іван Шэга і Уладзімір Караткоў у Менску на Кангрэсе дэмакратычных сіл

Міхаіл Караткевіч і Іван Бедка

У Курапатах

У Свіслачы. Іван Бедка крайні злева

Сяргей Чыгрын, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім

Фотаздымкі з архіва аўтара