У Параф’янаве збіраюць подпісы за прыпынак хуткаснага цягніка Полацк-Менск
Каля 200 подпісаў цягам аднаго дня сабраў грамадскі актывіст Кастусь Шыталь за ўключэнне прыпынку “Параф’янаў” Докшыцкага раёна ў рух хуткаснага цягніка Полацк-Менск. Кастусь Шыталь збіраў подпісы ля чыгуначнай станцыі мястэчка Параф’янава падчас кірмашу, які там праходзіў. Людзі ў асноўным ахвотна ставілі свае подпісы, бо шмат хто з іх і іх родных карыстаецца гэтым відам транспарту. Сабраныя подпісы будуць накіраваныя начальніку Беларускай чыгункі Уладзіміру Марозаву.
Паводле Кастуся Шыталя, калі пусцяць хуткасны цягнік Полацк-Менск, адменяць адпаведны цягнік, які спыняўся ў Параф’янаве, таму жыхарам гэтай вёскі ды і суседніх застанецца дабірацца ў сталіцу толькі ўначы. Да таго ж чыгуначнікі не плануюць спыняць у Параф’янаве хуткасны цягнік, а там жыве больш за тысячу жыхароў. А калі далучыць суседнія вёскі назбіраецца недзе каля чатырох тысяч.
— Параф’янава – гэта станцыя, якая мае адзін з найбольшых пасажырапатокаў у бок Менска. Людзі падпісваюцца вельмі ахвотна, толькі 4 чалавекі адмовіліся падпісацца. Ну і працаўнікі чыгункі адмаўляюцца, бо баяцца праблем з кіраўніцтвам. Былі выпадкі, калі людзі звярталіся і чыгунка ўносіла карэктывы ў расклад. Тым больш, што тут гэта зрабіць не цяжка: цягнік ідзе, толькі скіраваць яго на іншы пуць і зрабіць яму прыпынак на 1-2 хвіліны. Думаю, што мы тут выйграем.
Паводле начальніка станцыі “Параф’янаў” Галіны Лакуцэвіч, яна не супраць таго, каб людзі збіралі подпісы. Але яна не ўпэўненая ў тым, што ў іх штосьці атрымаецца.
— У сувязі з тым, што гэта цягнік бізнес-класа тут не робяць такіх прыпынкаў. Там толькі тры прыпынкі будзе: Крулеўшчызна, Маладэчна і Вілейка напэўна. У нас пакуль няма раскладу, толькі тэлеграмы. Ну, няхай збіраюць: атрымаецца, значыць атрымаецца.
Акрамя жыхароў Параф’янава і суседніх вёсак, чыгуначнай станцыяй “Параф’янаў” карыстаюцца і жыхары горада Докшыцы, які знаходзіцца ад станцыі ў 12 кіламетрах. Насельніцтва горада складае каля 7000 чалавек.
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя