Грамадскі кантроль за рэканструкцыяй ачышчальных збудаванняў ЖКГ



Грамадскі актывіст з Бярозаўкі Вітольд Ашурак звярнуўся ў Лідскі райвыканкам з прапановамі па грамадскім кантролі і апублічванні ўсіх працэсаў па рэканструкцыі ачышчальных збудаванняў мясцовага ЖКГ.

Як нам стала вядома, працы будуць весціся за сродкі Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця на працягу 2020 – 2022 гадоў. Пагадненне аб выдзяленні сродкаў паміж Лідскім ЖКГ і ЕБРР было падпісанае яшчэ ў 2016 годзе, але працэс рэальна зрушыўся з месца толькі ў гэтым годзе, пасля экалагічнай катастрофы на рэках Лідзейка, Дзітва і Нёман. Гаворка тут ідзе пра 9 мільёнаў еўра дапамогі. На думку актывіста, грамадства мае права на кантроль за тым, куда і ў якіх памерах будуць асвойвацца гэтыя сродкі.

– Гэты зварот – як сігнал адміністрацыі Лідскага райвыканкама, дзеля таго, каб яны ведалі, што мы будзем звяртаць надзвычайную ўвагу на гэтае пытанне. Калі рэалізуюцца такія праекты, роля грамадзянскай супольнасці, гэта не роля статыстаў, гэта – роля таксама таго боку, які мае права на пэўны кантроль.

Нагадаем, што ўлетку гэтага года быў зафіксаваны масавы скід нечыстотаў Лідскім ЖКГ ў вышэйназваныя рэкі, што прывяло да экалагічнай катастрофы ў рэгіёне. І як вынік забруджвання гэтых рэк – масавая гібель расліннага і жывёльнага свету.

Андрэй Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя