Грамадскі транспарт іспыт холадам не прайшоў



Жыхары Кобрыні не задаволены халоднымі салонамі гарадскіх аўтобусаў. У моцныя маразы попыт на гарадскі транспарт у горадзе значна павялічыўся. Але спадзяванні на больш камфортнае перанясенне маразоў з дапамогай транспарту не апраўдаліся. Кажа жыхар Кобрыні, грамадскі актывіст Алесь Мех:

– Салоны аўтобусаў халодныя, бо не ацяпляюцца. І як кажуць кіроўцы, не ацяпляюцца яны таму, што няякасны тасол заліты. Ён павінен быў замярзаць пры мінус 30, а замярзаў ужо пры мінус 10.

Дыспетчар Кобрынскага аўтапарка №16 наракае на тасол, салярку і вялікія маразы:

– Рэч у тым, што ў такія маразы аўтобусы не паспяваюць прагравацца. Стараемся, грэем, але не прагрэеш такую вялікую машыну так хутка.

Па прагнозах сіноптыкаў, моцныя маразы пачнуць спадаць з 10 студзеня. Паводле гараджан, работнікі транспарту іспыт холадам не вытрымалі.

Беларускае Радыё Рацыя