Грамадскі цэнтр у Слоніме распачаў сваю працу



Пры слонімскай інфармацыйна-кансультацыйнай установе “Шэгамедкансульт” працуе грамадскі цэнтр, які ўзначальвае доктар Іван Шэга. У чацвер, 29 студзеня, Іван Шэга расказаў мясцовым журналістам і актывістам Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл аб мэтах стварэння ў Слоніме грамадскага цэнтру. У прыватнасці, Іван Шэга адзначыў, што Слонімскі грамадскі цэнтр – гэта не арганізацыя, гэта новая стратэгія дэмакратычнай супольнасці Слоніма, накіраваная на супрацоўніцтва грамадзян з мясцовай уладай для ўстойлівага развіцця грамадства. “Мэтай стварэння цэнтра, а ён ужо актыўна працуе, – адзначыў Іван Шэга, – з’яўляецца найперш аказанне садзейнічання грамадскім арганізацыям і ініцыятыўным групам грамадзян ва ўзаемадзеянні з мясцовымі органамі ўлады ў адстойвайнні сваіх законных правоў і інтарэсаў, а таксама ў рэалізацыі грамадзянскіх ініцыятываў. Мэта цэнтра яшчэ і інфармаванне, падвышэнне ўзроўню ведаў сяброў грамадскіх арганізацый і ініцыятыўных груп грамадзян, пашырэнню іх удзелу ў вырашэнні пытанняў мясцовага значэння”.

Па словах Івана Шэгі, сёлета грамадскі цэнтр у Слоніме правядзе на Гарадзеншчыне шэраг трэнінгаў па пытаннях грамадзянскага ўдзелу падчас прыняцця рашэнняў на мясцовым узроўні, а таксама міжнародных канферэнцый, круглых сталоў, сустрэч, маніторынгаў і прэзентацый на самыя розныя тэмы, якія датычаць грамадзянскай супольнасці і дзейнасці мясцовай улады на Гарадзеншчыне.

[Not a valid template]

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім

Фота аўтара.