Грамадскі від дзейнасці нясе пагрозу гараджанам



Жыхары аднаго са шматпавярховых дамоў, які знаходзіцца на праспекце Незалежнасці ў Слоніме, стварылі ініцыятыўную групу і пачалі збіраць подпісы сярод жыхароў у падтрымку прапановы аб правядзенні мясцовага сходу ўпаўнаважаных.

Подпісы былі сабраныя, падрыхтаваныя адпаведныя дакументы для рэгістрацыі вышэйназванай формы самакіравання, і накіраваны ў Слонімскі райвыканкам для прыняцця рашэння. Згодна з заканадаўствам, мясцовая ўлада павінна аказваць садзейнічанне ініцыятарам у падрыхтоўцы і правядзенні мясцовых сходаў. Таму ініцыятары звярнуліся ў Слонімскі райвыканкам з просьбай растлумачыць, як і што патрэбна для стварэння і рэгістрацыі калегіяльнага органа тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання (КОТГС). І вось слонімцы атрымалі адказ, што “падобная дзейнасць парушае патрабаванні заканадаўства і можа нанесці шкоду дзяржаўным і грамадскім інтарэсам, нясе пагрозу правам і свабодам грамадзян, які пражываюць у доме № 19 на праспекце Незалежнасці ў горадзе Слоніме і з’яўляецца перашкодай для правядзення мясцовага сходу ўпаўнаважаных…”.  

Вось і ўсё. Па словах вертыкальшчыкаў, грамадскі від дзейнасці нясе пагрозу гараджанам. Адным словам, сядзіце і маўчыце ў сваіх дамах і дварах.

Беларускае Радыё Рацыя