Грамадскім арганізацыям Віцебшчыны дапаможа „Адказная графіка”



“Адказная графіка” – гэта новы навучальны курс, на які сацыяльна-культурніцкая ўстанова Vitebsk4Me (“Віцебск для мяне) запрашае маладых мастакоў, ілюстратараў, дызайнераў, відэографаў.

Мэта курсу ў тым, каб маладыя творцы набылі новыя веды і змаглі рэалізаваць сябе ў супрацоўніцтве з грамадскімі арганізацыямі Віцебшчыны, кажа дырэктарка ўстановы Vitebsk4Me Вольга Бізікава:

– Каля 30-ці навучэнцаў нашага курсу змогуць пабыць у супрацы з грамадскімі арганізацыямі. Зрабіць для іх ілюстрацыі, плакаты, стыкерпакі для сацыяльных сетак – любую візуальную прадукцыю, якая зможа прадстаўляць інтарэсы гэтых некамерцыйных устаноў.

Курсы, на якіх моладзь атрымлівае новыя веды па візуальных мастацтвах, вельмі запатрабаваныя, а творчасць выпускнікоў ўжо прыносіць карысць Віцебску, працягвае Вольга Бізікава:

– Напрыклад, зрабілі новы лагатып для “Мовы нанова”, банэр для прытулку для беспрытульных жывёлаў. Яму неабходна візуалізацыя, каб больш людзей зразумелі яго патрэбы. Па выніках курсу “Віцебскі арнамент” Аляксандр Лібер зрабіў для іх сайт, і гэта добра спрацавала на карысць прытулку.

Супрацоўніцтва маладых творцаў з грамадскімі арганізацыямі найчасцей дабрачыннае. Бо мастакі, фатографы, ілюстратары і дызайнеры ўсведамляюць сваю сацыяльную адказнасць перад горадам, спрабуючы вырашыць праблемы Віцебску мастацкімі сродкамі.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя