Грамадскія актывісты дамагліся суду ў абарону Курапатаў
Прадстаўнікі грамадскасці абскарджваюць у судзе адмову ў задавальненні скаргі ў дачыненні да Генеральнай пракуратуры. Скарга тычыцца выканання заканадаўства аб ахове гісторыка-культурных каштоўнасцяў пры будаўніцтве аб’ектаў блізу ўрочышча Курапаты, дзе пахаваныя ахвяры палітычных рэпрэсій.
Актывісты лічаць, што Генеральная пракуратура праігнаравала зварот, у якім яны скардзяцца на парушэнні, здзейсненыя пры пабудове забаўляльнага комплексу.
Адзначыў у каментары БелаПАН адзін з аўтараў накіраванай скаргі, грамадскі і палітычны дзеяч Вінцук Вячорка:
– Суддзя суду Савецкага раёну Майсейчык некаторы час таму назад адмовіў у нашай скаразе на дзеянні Генеральнай пракуратуры. Дакладней кажучы, не на дзеянні, а на бяздзейнасць. Пракуратура ў 2012 годзе ўрэшце пачала зважаць на тое, што ахоўная зона Курапатаў забудоўваецца на вельмі сумнеўнай юрыдычнай базе ўсялякімі сумнеўнымі з маральнага пункту гледжання аб’ектамі. У першую чаргу гаворка пра так званы былы Бульбаш-хол.
Odtwarzacz plików dźwiękowych
“Нам ужо ўдалося, упершыню дарэчы, дамагчыся суду ў абарону Курапатаў – пачаўся гэты працэс, і цяпер, інстанцыя за інстанцыяй, мы гэты шлях пройдзем. Дарэчы, у тым ліку і для таго, каб пасля звяртацца ў інстанцыі міжнародныя”, – дадаў Вінцук Вячорка.
Беларускае Радыё Рацыя, паводле БелаПАН