Грамадскія актывісты дзяліліся сваім досведам у Гародні



Каля дзясятка грамадскіх арганізацый і грамадскіх ініцыятыў сустрэліся ў Гародні, каб падзяліцца сваімі поспехамі і праблемамі, а таксама наладзіць кантакты.

Асаблівасцю сустрэчы, якая  прайшла ў Цэнтры гарадскога жыцця, стала тое, што сваёй дзейнасцю дзяліліся актывісты розных сацыяльных, культурных і спартовых  ініцыятыў. Кажуць удзельнікі са Слоніма, Гомеля, Гародні:

– Мы бачым, што даволі шмат ініцыятыў тут прадстаўлена, якія спрабуюць нешта мяняць у гэтым жыцці. І вось тое, што мы маем магчымасць падзяліцца сваім досьведам, даведацца ад сваіх калегаў, як мяняе жыццё грамадскі рух – вось гэта вельмі важна, мне здаецца.

– Гэта збліжае ўсіх людзей з розных рэгіёнаў Беларусі. Збліжае тых людзей, якія хочуць штосьці зрабіць на карысць беларускага грамадства, для яго развіцця, кансалідацыі. Каб рабіць добрыя справы.

Галоўная выснова, якую вынеслі ад сустрэчы яе ўдзельнікі, – гэта моц грамадскіх дзеянняў. Дзе нават малымі сіламі, але актыўнымі формамі працы, можна палепшыць якасна нашае жыццё, аблегчыць пакуты хворым, адчуць сябе запатрабаваным у сталым веку.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота аўтара