Грамадскія актывісты Глыбоччыны зладзілі талаку



Грамадскія актывісты Глыбоччыны зладзілі талаку і прыбраліся на магіле бацькі Ігната Буйніцкага ў Востраве. За магілай яго бацькі ўжо даўно ніхто не даглядае.

Ігнат Буйніцкі – заснавальнік беларускага тэатра. Ён нарадзіўся на Глыбоччыне ў фальварку Палівачы каля вёскі Празарокі.

Паводле журналіста і краязнаўцы з Глыбокага Уладзіміра Скрабатуна, журналісты не толькі пішуць пра розныя праблемы, але і вырашаюць іх. Талака па прыборцы магілы – адзін з такіх прыкладаў.

— Тут пахаваны Тарквіні Буйніцкі і ён тут пахаваны з другой жонкай. Усюды значыцца Ігнат Цярэнцьевіч Буйніцкі, а тут напісана — Тарквіні. Я веру даследаваннямі Ігара Кружалава, які некалі напісаў мне у Фэйсбук, што тут такая магіла знаходзіцца. Я думаю, можна давяраць, што гэта той самы Тарквіні, альбо Цярэнцій Буйніцкі — бацька заснавальніка беларускага тэатра Ігната Буйніцкага.

Напрыканцы мерапрыемства глыбоцкія актывісты зладзілі сяброўскую вячэру ля вогнішча каля ракі Шоша. А на зваротным шляху наведалі сядзібу, дзе жыве Беларусь, Мар’яна Місевіча ў вёсцы Перадолы.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя