Грамадскія актывісты з Лідчыны зладзілі традыцыйную талаку ля хаты Зянона Пазьняка
Грамадскія актывісты з Ліды ды Бярозаўкі наведалі сядзібу Зянона Пазьняка ў вёсцы Суботнікі, што на Івейшчыне. Гэта ўжо другая такая талака на радзіме палітыка, якая ладзіцца аднадумцамі. Гэтым разам яны прыбралі галлё з старога саду, пакасілі траву, што ўзнялася з часу апошняга наведвання сядзібы, падправілі страху і плот каля хаты, а таксама змайстравалі адмысловыя лавы пад старымі клёнам і лістоўніцай, каб было дзе прысесці каля хаты тым турыстам, якія захочуць наведаць радзіму Зянона Пазьняка.
– Са слоў вяскоўцаў, людзі сюды едуць і цікавяцца. А раз едуць і цікавяцца, то мы не можам сабе дазволіць, каб людзі прыязджалі і бачылі тут заняпад.
– Калі турысты будуць сюды заязджаць, то будзе не сорамна іх запрасіць, каб яны маглі тут сфатаграфавацца, каб была памяць, каб ведалі, дзе нарадзіўся гэты выбітны чалавек. І каб проста была прыгожая, прыбраная зямля.
Актывісты надалей акрэслілі план тых дзеянняў, якія плануецца зрабіць у перспектыве. Акрамя працаў на сядзібе плануецца навесці парадак непасрэдна і ў самой хаце. На гэта актывісты з Лідчыны ўжо атрымалі адмысловы дазвол ад Зянона Пазьняка падчас асабістай сустрэчы ў Вільні.
[Not a valid template]Андрусь Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара