Грамадскія слуханні па пытаннях сучаснай медыцыны



Прысутныя на грамадскіх слуханнях па пытаннях сучаснай беларускай медыцыны ў рамках Народнага Рэферэндуму прыйшлі да высновы, што стан беларускай медыцыны кепскі. 40 актывістаў прынялі ўдзел у слуханнях, якія адбыліся ў вёсцы Русіны пад Баранавічамі ў сядзібе Таварыства беларускай мовы.

“Рэформы не праводзяцца, сучаснае кіраўніцтва дзяржавы не дбае пра стан здароўя грамадзян”, – кажа намеснік старшыні Берасцейскай абласной сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), актывіст кампаніі “Гавары праўду” Валянцін Лазарэнкаў:

– Улада не зацікаўленая ў здаровых грамадзянах. А ці патрэбная такая ўлада, якая ў гэтым не зацікаўленая? Рэформа за 20 гадоў не зробленая, а сёння толькі спрабуюць выкачаць грошы. І выступленне Тозіка, і выступленне кіраўніка дзяржавы Лукашэнкі звязаныя з тым, каб зрабіць медыцыну платнаю – плаціць у паліклініцы, каб разгрузіць чэргі. 

Паводле Лазарэнкава, прысутныя на слуханнях лекары Іван Шэга і Аляксандр Галькевіч звярнулі ўвагу на патрэбу паляпшэння медычнага абслугоўвання ў паліклініках, на недахоп сучаснага медычнага абсталявання, на перагружанасць лекараў ды іх нізкія заробкі. А таксама – на праблему ўдзеяння малых дозаў радыяцыі і павелічэнне ракавых хворых, на закрытасць медычнай статыстыкі.

[Not a valid template]

На слуханнях прысутнічалі кіраўнік кампаніі “Гавары праўду”  Уладзімір Някляеў, намеснік старшыні партыі БНФ Ігар Лялькоў, намеснік старшыні руху “За свабоду” Юрась Губарэвіч.

Ганна Васілевіч, Беларускае Радыё Рацыя