Грамадзян Украіны па новых пашпартах у Беларусь не пусцяць



Пашпарт грамадзяніна Украіны ў выглядзе ID-карты пакуль не разглядаецца як сапраўдны дакумент для перасячэння мяжы Беларусі.

Як паведамляе прэс-служба Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі, з 1 студзеня 2016 года ў Украіне уведзены ўнутраныя пашпарты новага ўзору ў выглядзе пластыкавай ID-карты.

„Украінскія грамадзяне памылкова разлічваюць ўехаць на тэрыторыю Беларусі па гэтых новых электронных дакументах.

У сувязі з гэтым інфармуем, што паводле дзейнага двухбаковага Пагаднення паміж Рэспублікай Беларусь і Украінай ад 2009 года аб бязвізавых паездках грамадзян, новы ўкраінскі пашпарт у выглядзе ID-карты не прадугледжаны як дакумент для пропуску праз дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь.

Акрамя таго, украінскі бок да гэтага часу не ініцыяваў кансультацыі аб прызнанні дадзеных ID-карт у якасці сапраўднага дакумента для перасячэння мяжы ў рамках бязвізавых паездак.

У сувязі з гэтым інфармуем, што да ўрэгулявання гэтых пытанняў беларускі бок можа прапускаць праз мяжу грамадзян Украіны толькі па сапраўдных дакументах: замежных пашпартах (для ўладальнікаў ID-карт) і ўнутраных пашпартах старога ўзору (у папяровым выглядзе)”, гаворыцца ў заяве памежнага камітэта.