Грамадзянін Расeі падазраецца ў крадзяжы з банкамата ў Мeнску



27-гадовы грамадзянін Расеі, які нідзе не працуе, падазраецца ў крадзяжы з банкамата ў Менску больш як 146 тысяч рублёў.

Як паведамляе сайт Следчага камітэта, у ноч з 6 на 7 верасня ў міліцыю звярнуўся спецыяліст аховы аднаго з буйных банкаў краіны, які паведаміў аб спрацоўванні сігналізацыі банкамата.

„Устаноўлена, што каля 1 гадзіны 30 хвілін да банкамата падышоў мужчына і з выкарыстаннем адпаведнага праграмна-апаратнага забеспячэння здзейсніў несанкцыянаваны доступ да аперацыйнай сістэмы прылады. У выніку падключэння і ўвядзення лжывай інфармацыі ў сістэму яму ўдалося ўкрасці больш за 146 тысяч рублёў наяўнымі”, — гаворыцца ў паведамленні.

Мужчына быў затрыманы каля банкамата супрацоўнікамі міліцыі. Грашовыя сродкі былі знойдзеныя падчас асабістага вобыску ў яго заплечніку.

Фрунзенскі раённы аддзел Следчага камітэта высвятляе акалічнасці крадзяжу грашовых сродкаў з банкамата ў сталіцы.

У дачыненні да мужчыны распачата справа па ч. 4 арт. 212 (крадзеж маёмасці шляхам увядзення ў камп’ютарную сістэму лжывай інфармацыі, учынены ў асабліва буйным памеры) Крымінальнага кодэкса.

У ходзе расследавання працягваюцца допыты сведак і даследаванні камп’ютарнай тэхнікі.

Як паведаміла БелаПАН афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Юлія Ганчарова, ужо атрыманыя дадзеныя аб дачыненні грамадзяніна Расеі да аналагічных эпізодаў у іншых раёнах Менска, у тым ліку Савецкім.

belapan.by