Грамадзянін РФ абрабаваў царкву ў Полацку



Нарадзінца Санкт-Пецярбурга затрымалі па падазрэнні ў буйным крадзяжы з праваслаўнага храма ў Полацку, паведамілі 1 студзеня ў прэс-службе Міністэрства ўнутраных спраў. 

25 снежня ў менскім касцёле затрымалі падазраванага ў буйным крадзяжы ў праваслаўным храме Полацка. Яшчэ ў лістападзе ў міліцыю заявілі пра знікненне ювелірных упрыгожванняў – залатых і срэбных, ахвяраваных вернікамі. Міліцыя тады выйшла на след падазраванага – 49-гадовага мужчыны, аднак высветлілася, што ён з’ехаў з Беларусі.

У крадзяжы ў Полацку мужчына ўжо прызнаўся. Спачатку ён прыходзіў туды „на выведку”, вывучаў план будынка і вышукваў месцы, дзе можна было б схавацца. Пасля заканчэння літургіі, зламыснік схаваўся ў падсобным памяшканні. Пасля крадзяжу упрыгожванняў на суму каля тысячы даляраў злодзей з’ехаў у Расею і збыў скрадзенае ў Санкт-Пецярбургу.

Дарэчы, у Расеі мужчыну судзілі ўжо шэсць разоў, у тым ліку за падобныя злачынствы. Цяпер заведзена новая крымінальная справа.