Грамадзянін РФ, які вёз рэвальвер, асуджаны на тры гады калоніі
За незаконны абарот і перамяшчэнне праз мяжу агнястрэльнай зброі і боепрыпасаў асуджаны 60-гадовы грамадзянін Расеі.
Як паведаміла БелаПАН старшы пракурор аддзела пракуратуры Берасцейскай вобласці Юлія Лебедзева, 6 сакавіка мужчына, які ехаў з Германіі ў Расею, перасякаў беларуска-польскую польскую мяжу праз пункт пропуску „Брэст” на аўтамабілі „Мерседэс-Бенц”.
У ходзе апытання расіянін заявіў, што не перавозіць абмежаваныя або забароненыя да перамяшчэння тавары. Пасля таго як яго аўтамабіль быў накіраваны ў бокс для паглыбленага надгляду, мужчына выдаў чамадан, у якім знаходзіўся рэвальвер, які з’яўляецца агнястрэльнай зброяй. Затым у расейца былі выяўленыя 50 патронаў, якія ён схаваў пад рэмень.
Мужчыну затрымалі і распачалі крымінальную справу. 6 мая суд Маскоўскага раёна Берасця прызнаў расейца вінаватым па ч. 2 арт. 295 КК (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі і боепрыпасаў), на падставе ч. 1 арт. 333-1 КК (незаконнае перамяшчэнне праз мяжу агнястрэльнай зброі і боепрыпасаў) і прыгаварыў да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
У яго канфіскаваны „Мерседэс-Бенц” як прылада ўчынення злачынства.
У судзе расеец прызнаў сваю віну і паказаў, што вёз рэвальвер і боепрыпасы з мэтай самаабароны.
Прысуд яшчэ не набыў законную моц і можа быць абскарджаны.