Грамадзяніна Беларусі перадалі ў «ДНР» падчас абмену палоннымі



Грамадзянін Беларусі Дзмітрый Новікаў, затрыманы 10 жніўня 2018 года за ўдзел у баявых дзеяннях на баку так званай «Данецкай народнай рэспублікі», вызвалены з-пад варты і перададзены ў межах абмену на грамадзянаў Украіны, якіх незаконна затрымалі, асудзілі і ўтрымлівалі на непадкантрольнай Кіеву тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласцей.

Абмен палоннымі 29 снежня 2019

Дзмітрыя Новікава 29 снежня абмянялі на ўкраінскіх вайскоўцаў на кантрольным пункце «Маёрскае» ў Данецкай вобласці. Гэта стала магчыма пасля таго, як Дружкаўскі гарадскі суд Данецкай вобласці, у якім знаходзіцца справа Дзмітрыя Новікава на разглядзе, ухваліў рашэнне аб яго вызваленні. У той жа час, вызваляючы Дзмітрыя Новікава з-пад варты, суд абавязаў яго прыбываць у суд і да пракурораў па першым патрабаванні, а таксама паведамляць аб змене месца пражывання. У выпадку невыканання гэтых абавязкаў, суд можа зноў ухваліць рашэнне аб ягоным арышце або аб спагнанні штрафу.

29 снежня адбыўся абмен утрыманымі асобамі паміж Кіевам і Данбасам. Сепаратысты вызвалілі 76 чалавек, Украіна адправіла на непадкантрольную тэрыторыю 124 зняволеных. Пры гэтым Кіеў настойвае, што сепаратысты ўтрымліваюць яшчэ каля 300 чалавек.

Паводле Радыё Свабода