Грамадзянку Расеі Соф’ю Сапегу будуць судзіць у Гародні
Цяпер Соф’я Сапега знаходзіцца пад хатнім арыштам.

«Крымінальная справа для разгляду паступіла ў Гарадзенскі абласны суд. Дату разгляду яшчэ не прызначылі», — паведамілі ў прэс-службе Вярхоўнага суду.
Нагадаем, Соф’ю Сапегу затрымалі 23 траўня разам з былым галоўным рэдактарам тэлеграм-каналу Nexta Раманам Пратасевічам у менскім аэрапорце пасля таго, як улады Беларусі пасадзілі самалёт авіякампаніі Ryanair, што ляцеў з Атэнаў у Вільню.
У чэрвені стала вядома, што Сапегу і Пратасевіча перавялі з СІЗА ў Менску пад хатні арышт у дом, дзе яны жылі разам. Пры гэтым Сапега прынамсі двойчы сустракалася з бацькамі, апошні раз у жніўні.
Згодна з матэрыяламі справы, дзяўчына нібыта адміністравала шэраг тэлеграм-каналаў, чыя дзейнасць была накіраваная на «дыскрэдытацыю дзейнай улады» і атрымлівала за гэта плату.
Соф’і выставілі абвінавачаньне паводле сямі артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Вядома, што Сапега напісала прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі.
