Граматыка Тарашкевіча – яскравы сімвал антыкамунізму
Сярод беларускай меншасці ў Польшчы не сціхаюць дыскусіі вакол магчымага перайменавання вуліцы Браніслава Тарашкевіча ў Бельску Падляшскім. Нягледзячы на тое, што падляшскі ваявода прыпыніў перайменаванне, імя вуліцы дагэтуль застаецца пад пытаннем. Інстытут Нацыянальнай памяці Польшчы перад канчатковым рашэннем вырашыў запрасіць да дыялогу беларускіх гісторыкаў.
У той жа час беларускія дзеячы нагадваюць пра выключную важнасць Браніслава Тарашкевіча для гісторыі і мовы. Менавіта гэтага ўраджэнца Віленшчыны можна назваць бацькам унармаванай літаратурнай мовы, як кажа прафесар Варшаўскага ўніверсітэта Ніна Баршчэўская.
Ніна Баршчэўская: Цяжка пераацаніць ролю Браніслава Тарашкевіча ў развіцці беларускай мовы, станаўленні нормаў беларускай мовы. Усе ведаем, што ён з’яўляецца аўтарам першай граматыкі для школ, выдадзенай у Вільні ў 1918 годзе. Але істотна не толькі тое, што ён напісаў гэтую граматыку, а наколькі гэтая граматыка стала вядомай і колькі выданняў выйшла. Бо атрымалася 5 выданняў беларускай граматыкі для школ, пятае выданне выйшла ў 1929 годзе.
Важна таксама падкрэсліць тое, што граматыка Браніслава Тарашкевіча пашыралася не толькі ў Заходняй Беларусі, але таксама ў ва Усходняй менавіта дзякуючы таму, што асабліва напачатку Язэп Лёсік, які апрацоўваў свае граматыкі, таксама арыентаваўся на граматыку Браніслава Тарашкевіча. Дык можам сказаць, што, у прынцыпе, па ўсёй тэрыторыі Беларусі карысталіся вучні ў школах, а таксама тыя, хто вывучаў мову або рэдагаваў свае тэксты, абапіраючыся на тыя правілы, на тыя прынцыпы, якія выпрацаваў Браніслаў Тарашкевіч.
РР: А ва Усходняй Беларусі гэта трывала да 1933 года, калі камісія, складзеная ў большасці з камуністаў, вырашыла штучна змяніць беларускую мову, правапіс. Але мы таксама памятаем, што Браніслаў Тарашкевіч быў не толькі прафесійным філолагам, але і перакладчыкам.
Ніна Баршчэўская: Зразумелы і для польскай літаратуры вялікія заслугі, бо пераклад «Пана Тадэвуша» на беларускую мову мае вельмі вялікае значэнне. Думаю, для беларусаў у Польшчы, а таксама беларусаў у Беларусі Браніслаў Тарашкевіч важны менавіта тым, што ён здолеў гэтыя нормы выпрацаваць, абапіраючыся на цэнтральныя гаворкі, выбраць усё тое, што характэрна для ўсёй тэрыторыі Беларусі. Таму гэта так доўга праіснавала. Можам сказаць, што, у прынцыпе, у 1926 годзе Язэп Лёсік ужо пачаў спрабаваць увесці нейкія змены, але гэта не атрымалася, бо не падтрымалі іншыя мовазнаўцы, напрыклад, Некрашэвіч, Бузук.
І як вы ўжо ўзгадалі, гэтыя нормы праіснавалі да 1933 года, да тых зменаў, якія былі ўведзеныя Саветам Народных Камісараў. Але мы можам сказаць, што гэтыя нормы існуюць і па сённяшні дзень. Бо ёсць класічны правапіс, апрацаваны ці дапрацаваны на падставе граматыкі Браніслава Тарашкевіча. У замежжы беларусы па сённяшні дзень абапіраюцца на тыя ж правілы, якія былі выпрацаваныя Браніславам Тарашкевічам ці дапрацаваныя потым Янам Станкевічам. Бо ніколі беларусы замежжа (я маю на ўвазе тут перадусім беларускую дыяспару ў заходніх краінах, там дзе быў вялікі выдавецкі рух) па сённяшні дзень абапіраюцца на гэтыя нормы. Гэтыя нормы існуюць, жывуць. І яны, у прынцыпе, найбольш набліжаныя да беларускага вымаўлення.
РР: Хачу падкрэсліць, што сабраць усе гэтыя нормы не кожны чалавек можа. Тут трэба мець талент. Вядома, што Браніслаў Тарашкевіч нарадзіўся на Віленшчыне, па-за межамі сучаснай Беларусі, але, тым не менш, яму ўдалося выпрацаваць нормы, якія пасавалі б для ўсяго народа.
Ніна Баршчэўская: Ён меў глыбокія веды, дасканала арыентаваўся, якія гаворкі і на якой тэрыторыі Беларусі выступаюць.
Трэба таксама згадаць істотную ролю тых рэдактараў, якія выдавалі «Нашу ніву», якая выходзіла шмат гадоў, і пэўныя нормы ўжо складваліся. У той час, калі пісалі аўтары, большасць з іх арыентавалася на сваю народную гаворку. Таму, як пісаў Абуховіч, невядома яшчэ, якая гаворка пераможа, якая ляжа ў якасці беларускай літаратурнай нормы. І менавіта тое, што зрабіў Браніслаў Тарашкевіч, праіснавала па сённяшні дзень.
Браніслаў Тарашкевіч быў адным з галоўных міжваенных палітыкаў у Заходняй Беларусі. У 1928 годзе быў першы раз асуджаны польскімі ўладамі нібыта за камуністычную дзейнасць. У 1933 Тарашкевіч згадзіўся выехаць у СССР і быў абменены на ўвязненага Францішка Аляхновіча.
Пасля доўгіх катаванняў Браніслаў Тарашкевіч быў расстраляны ў Менску ў 1938 годзе. Яго граматыка і гэтак званы класічны правапіс стаў адным з сімвалаў антыкамунізму сярод беларусаў у канцы 80-ых – пачатку 90-ых гадоў.
Гутарыў Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава
Фота аўтара