„Гранд-парад жаночых міратворчых сіл” у Менску (абноўлена)



Гранд-марш жанчын у Менску сабраў больш 10 тысяч удзельнікаў. Падрыхтаваныя супраць мірных беларусак жалезныя аўтазакі, спецмашыны з калючым дротам, вадамёты выглядалі зусім абсурдна і яшчэ раз выразна паказалі стаўленне ўлады да беларускага народу. 

19.40. Стала ведама, што з Кастрычніцкага РУУС Менску адпусцілі раней затрыманых журналістаў „Радыё Свабода” Алеся Пілецкага і Андрэя Рабчыка. У тым жа РУУС знаходзіўся і журналіст „Белсату” Павел Міцкевіч. Яго адпусцілі пазней.

19.30. Удзельніцы маршу разыходзяцца. Жанчыны скандуюць „Усім дзякуй!” і „Да заўтра!”. Шэсце завяршаецца. Ведама пакуль пра адну затрыманую пару – хлопца і дзяўчыну каля 18.30 сілавікі на бульвары Шаўчэнкі схапілі і загрузілі ў аўтазак.

19.20. Амапаўцы перагарадзілі дарогу на скрыжаванні каля „Макдональдса”, але жанчыны прабіліся праз ланцуг.

19.10. Калона жанчын мінае парк Дружбы народаў.

19.00. Жанчыны пайшлі па праезнай частцы вуліцы Багдановіча ў бок парку Дружбы народаў. За імі едуць аўтазакі з амапаўцамі.

18.50. Жанчыны цэлы час блытаюць сілавікоў. Падманным манеўрам яны павярнулі да Камароўскага рынку. Пасля частка пабегла ў бок Нямігі. Потым пачуўся заклік „На Бангалор!”. Сілавікі ў пэўнай разгубленасці. У раёне праспекту Машэрава вуліца Багдановіча ў бок Нямігі перакрытая аўтазакамі.

18.40. „Чорнакашульнікам”, якія спрабавалі разбіць калону і павярнуць жанчын у бок плошчы Бангалор, не ўдалося гэта зрабіць. Жанчыны скандуюць „На Нямігу!”.

18.30. Амапаўцы ўсяляк спрабуюць падзяліць вялікую жаночую калону. Сілавікі перакрылі праход па вуліцы Харужай на скрыжаванні з вуліцай Багдановіча.

29 жніўня ў Менску праходзіць жаночы гранд-марш салідарнасці.

Алеся Пілецкага і Андрэя Рабчыка з „Радыё Свабода”, якія вялі рэпартаж, затрымалі.

Тысячы жанчын удзельнічаюць у маршы салідарнасці, які праходзіць 29 жніўня ў раёне плошчы Перамогі ў Менску.

Мерапрыемства было анансаванае ў сацсетках як „Гранд-парад жаночых міратворчых сіл”, які праводзіцца для таго, „каб нагадаць мужчынам у сілавых структурах аб тым, што кроў нявінных з пагонаў не адмые ніводная хатняя гаспадыня”.

Блізу 16.00 вакол плошчы пачалі выстройвацца сотні жанчын з кветкамі. Рух на прылеглым участку праз некаторы час быў перакрыты. Пад’ехалі аўтазакі і міліцэйскія мікрааўтобусы. Міліцыя пачала папярэджваць у мегафоны, што мерапрыемства не санкцыянаванае Менгарвыканкамам.

АМАП без ужывання гвалту затрымаў як мінімум трох мужчын.

Жанчыны на працягу паўгадзіны прыходзілі да плошчы Перамогі, разышліся па абодвух баках праспекта Незалежнасці. Непасрэдна цэнтр плошчы Перамогі, каля абеліска, агароджаны турнікетамі.

У 16.15 колькасць удзельніц павялічылася да некалькіх тысяч, яны пачалі скандаваць „Не даруем!”, „Сыходзь!”. У 16.20 жанчыны маршам па тратуарах рушылі ў бок Кастрычніцкай плошчы.

Фота Надзеі Бужан @nashaniva

Праз некалькі сотняў метраў жанчыны выйшлі на праезную частку праспекта Незалежнасці, дзе дарогу ім перакрылі некалькі міліцэйскіх мікрааўтобусаў і АМАП. Міліцыя папрасіла пайсці з праезнай часткі, пасля чаго ўдзельніцы маршу разгарнуліся ў бок плошчы Перамогі, скандуючы „Ганьба!” і „Гэта наш горад!”.

Міліцыя працягвае папярэджваць аб незаконнасці мерапрыемства, заклікаючы ўдзельніц разысціся.

belapan.by