Грэка-католікі адзначылі свята Усіх Беларускіх Святых



Беларуская Грэка-каталіцкая Царква адзначае свята Усіх Беларускіх Святых. Традыцыйна грэка-католікі Гародні і ваколіцаў адзначаюць гэты дзень адмысловым ушанаваннем мясцовых пакутнікаў за веру, асветнікаў. Асобны чын успамінаў датычыць бласлаўлёнай Мар’яны Бярнацкай.

Кажа айцец Андрэй Крот, дэкан заходняга дэканату Беларускай Каталіцкай Царквы:

– Яна паходзіла з уніяцкай сям’і, сама яна была рыма-каталічкай, бо нарадзілася ўжо пасля скасавання ўніі, але праз некалькі гадоў толькі. Таму гэтая святая для нас асабліва блізкая. Для нас важна наведаць месца бласлаўлёнай Мар’яны Бярнацкай, там памаліцца. Таксама мы молімся ў Адамавічах каля цудатворнага адамавіцкага абраза Маці Божай у касцёле, дзе ў свой час маліліся таксама нашыя продкі ўніяты ў часы пераследу. Такая нашая даніна памяці нашым святым продкам.

Ушанаванне памяці блаславёнай Марʼяны Бярнацкай беларускія грэка-католікі праводзяць з 2013 года, а дагэтуль – далучаліся да агульна каталіцкага дня памяці, які праводзіўся ў ліпені месяцы на месцы яе смерці ў форце нумар 2, каля вёскі Навумавічы.

Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя