„Гродна Азот” спрабуе вярнуць працаўнікоў, якім раней не працягнулі кантракты



Кіраўніцтва „Гродна Азот” пачало запрашаць на працу работнікаў, якім некалькі месяцаў таму без тлумачэння прычын не працягнулі працоўныя кантракты. Як правіла, рабочыя былі членамі Беларускага незалежнага прафсаюза, піша «Народная Воля». У прыватнасці, Андрэй Піліпенка адпрацаваў на прадпрыемстве 12 гадоў. Увесну яму, як і яшчэ каля дзесяці працаўнікам, якія ўваходзілі ў незалежны прафсаюз, не працягнулі кантракт. Чальцы афіцыйнага прафсаюза з яго цэха раілі яму пакінуць шэрагі незалежнага, напісаць заяву на ўступленне ў іх арганізацыю, і, маўляў, тады праблема з працягненнем кантракта вырашыцца. Аднак Піліпенка, нягледзячы на тое, што ў яго двое непаўнагадовых дзяцей, крэдыты, адмовіўся гэта рабіць.

Днямі яму патэлефанаваў начальнік цэха і прапанаваў вярнуцца ў калектыў. Аднак трэба будзе напісаць заяву на выхад з незалежнага прафсаюза, схадзіць на прыём да намесніка генеральнага дырэктара па бяспецы і кадрах. Вяртацца на Гродна Азот Піліпенка не збіраецца.