Грошы драў з людзей Дранеўскі — штраф злупілі з Лупача
Віцебскі абласны суд у асобе суддзі Святланы Івановай не задаволіў касацыйную скаргу глыбоцкага журналіста Змітра Лупача. Ён абскарджваў штраф у 882 беларускія рублі, які прысудзіў суддзя Браслаўскага раённага суда Аляксандр Вязіцкі.
Журналіста прыцягнулі да адказнасці па артыкуле 22.9 КаАП (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ). Яго судзілі за сюжэт на незалежным тэлеканале „Белсат”, які тычыўся карупцыйнай справы былога старшыні Браслаўскага райвыканкама Уладзіміра Дранеўскага і яго жонкі.
На паседжанне ў знак пратэсту супраць несправядлівасці ў беларускім судзе Зміцер Лупач прыйшоў у цішотцы з чатырохрадкоўем.
– „Суд зямны – не суд нябескі, На хаду сякуць з пляча: Грошы драў з людзей Дранеўскі — Штраф злупілі з Лупача”. Неяк я ехаў, нешта думаў, гляджу, прозвішчы нашыя так можна абыграць. Дранеўскі ж ён браў хабар, не драў. Але ж ён не Бранеўскі. То я напісаў драў. У Менску сачыніліся гэтыя два радкі, але першы ніяк не мог падабраць. Прыйшлося звярнуцца па дапамогу. Ведаў, што ёсць у Верхнядзвінску Антон Бубала, краязнаўца, паэт, які піша гумарыстычныя вершы. Дык я звярнуўся да яго.
Па словах журналіста-фрылансера, суддзя не звярнула ўвагі на надпіс або зрабіла выгляд, што не ўбачыла. Але, па словах Змітра, у адрозненне ад папярэдніх судоў у Віцебску, на гэты раз яго судзілі першым.
Нагадаем, Зміцер Лупач цягам года прыцягваўся да адказнасці па артыкуле 22.9 КаАП ужо восем разоў. Такім чынам улады ціснуць на яго за супрацу з незалежным тэлеканалам “Белсат”.
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя