Грошы на Дзень Волі ў Берасці плануюць збіраць праз краудфандынг
Краудфандынгавую кампанію па зборы сродкаў на правядзенне Дня Волі ў Берасці зладзяць прадстаўнікі арганізацыйнага камітэта.
Пра гэта паведаміў старшыня берасцейскай абласной арганізацыі партыі БНФ Зміцер Шыманскі. Грошы пойдуць на выраб адмысловай сімволікі, святочнай прадукцыі, арэнду апаратуры, — распавёў палітык:
— Мы спадзяемся, што берасцейцы актыўна паўдзельнічаюць у фінансавай дапамозе на правядзенне гэтага свята: на музычнае абсталяванне, на запрашэнне музыкаў, на выраб друкаванай прадукцыі. Мы спадзяёмся прыцягнуць фінансавыя сродкі гараджан Берасця.
«Калі чалавек атаясамлівае сябе з беларускай дзяржавай, калі ён лічыць, што Беларусь – гэта незалежная краіна, у якой добра жывецца, то трэба аддаць даніну пашаны тым людзям, што прыклалі намаганні, каб такая краіна паўстала», — дадаў Зміцер Шыманскі. Гэта можа быць невялікі фінансавы ўнёсак для арганізацыі свята – 100 год з моманту стварэння БНР.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце
