Грошы на гарадзенскае свята 100-годдзя БНР



Гарадзенскія сябры аргкамітэта па святкаванні 100-годдзя БНР шукаюць грошы рознымі шляхамі, каб правесці мерапрыемства. Абвешчана краўтфандынгавая кампанія на Талацэ           https://www.talaka.org/projects/2738/fund.

Некаторыя актывісты таксама пачалі збор грошай на рынках Гародні. Пра такі збор сродкаў распавядае актавіст Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікола Салянік:

– Не паспелі прыйсці, як нас папрасілі ў адміністрацыю. Пайшлі ў адміністрацыю, паказалі дазвол, сказалі, што мы далі аб’явы пра тое, што адбудзецца свята. Наша асноўная мэта – аб’явіць людзям, што ў такі дзень пройдзе мерапрыемства. Я акцэнтаваў на гэтым увагу, таму што ёсць у людзей яшчэ асцярогі.

Па словах сябра аргкамітэта святкавання 100-годдзя БНР Сяргея Верамеенкі, гарадзенцы з ахвотай даюць грошы на свята, якое адбудзецца 25 сакавіка ў гарадзенскім Каложскім парку:

– Сабралі мы не меньш чым 300 рублёў. І гэта, калі ўлічваць, што мы першы раз памыліліся, калі прыйшлі на Паўднёвы рынак. Так, мы далі вельмі добрую інфармацыю. І людзі ўжо ведалі, што будзе такое свята, і яны, дарэчы, самі пыталіся, што ў вас там з электрычнасцю і так далей. Наша памылка была ў тым, што мы прыйшлі з самага пачатку працы рынка, зраніцы.

Па папярэдніх дадзеных, ужо сабрана палова сумы з патрэбных  8270 рублёў. Сябры аргкамітэта спадзяюцца на фінансавую падтрымку гарадзенскага святкавання Дня Волі ў апошнія дні перад святам.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня