Група актывістаў рыхтуе дыстанцыйнае святкаванне Дня Волі



Актывісты рыхтуюць дыстанцыйнае святкаванне Дня Волі — 102-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Пра гэта БелаПАН паведаміў блогер Антон Матолька.

Падрыхтоўкай святкавання займаецца група актывістаў, якія арганізоўвалі мітынгі-канцэрты на 100-ю гадавіну абвяшчэння БНР у Менску ў 2018 годзе і на 101-ю — у Гародні.

„У сувязі з адменамі святкавання БНР-102 мы вырашылі ўзяць на сябе адказнасць і знайсці выйсце з гэтай сітуацыі, новы фармат святкавання. Гэта план дэцэнтралізацыі, як летась, віншаванні ў сацыяльных сетках, вывешванне сімволікі з вокнаў. Акрамя таго, кожны робіць сваё свята 25 сакавіка сам, з лакальнымі феерверкамі а 9-й вечара, з захаваннем усіх мер тэхнікі бяспекі”, — паведаміў Матолька.

З навінак арганізатары рыхтуюць анлайн-трансляцыю, каб не ставіць людзей у небяспечнае становішча на жывых сустрэчах.

„Гэта будзе прамая трансляцыя на YouTube, сайце hodna.by і ва ўсіх сацсетках у фармаце вячэрняга шоу, з вядучымі, адмысловымі гасцямі, выступамі музыкаў. Трансляцыя пачнецца ў 18.00 25 сакавіка і працягнецца 3-4 гадзіны. Спадзяюся, атрымаецца прыемна здзівіць усіх, паказаць, што не апускаем рукі, калі ёсць абставіны непераадольнай сілы”, — дадаў Матолька.

Актывісты адкрылі збор на краўдфандынгавай пляцоўцы mola-mola. Сабраныя сродкі пойдуць на арэнду пляцоўкі, афармленне студыі, аўдыя- і відэаабсталявання для трансляцыі, правядзення інфармацыйнай кампаніі. Падкрэсліваецца, што грошы збіраюцца толькі на бягучыя выдаткі, без зарплат і ганарараў для каманды арганізатараў.

17 сакавіка аргкамітэт па святкаванні 102-й гадавіны Беларускай Народнай Рэспублікі адклікаў заяўку на правядзенне мітынгу-канцэрта ў Менску. Падставай стала распаўсюджванне каранавіруса і немагчымасць з-за гэтага гарантаваць бяспеку ўдзельнікаў мерапрыемства. Каманда арганізатараў БНР-100 у гэты аргкамітэт не ўваходзіла.

belapan.by