Група беларускіх навукоўцаў запісала відэазварот у падтрымку перамен
Група беларускіх навукоўцаў запісала зварот у падтрымку перамен у краіне. Відэазапіс размешчаны ў тэлеграм-канале „Навуковае меркаванне”, створаным прадстаўнікамі Нацыянальнай акадэміі навук і ўніверсітэтаў, якія выступілі супраць гвалту і фальсіфікацый.
Прыблізна 30 навукоўцаў — фізікі, матэматыкі, біёлагі, хімікі, сацыёлагі, гісторыкі, філолагі, у тым ліку намеснік дырэктара Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі акадэмік Аляксандр Лукашанец, змяняючы адзін аднаго, выступілі са зваротам на беларускай і рускай мовах.
„Мы — навукоўцы Беларусі, мы супраць гвалту ў любых яго формах, — адзначылі яны. — Мы лічым, што толькі дыялог усіх бакоў можа дапамагчы Беларусі выйсці з вострага крызісу, у якім апынулася наша краіна. Назапашаныя навукай веды і вопыт чалавецтва дазваляюць сцвярджаць, што гвалт наносіць шкоду асобе чалавека. Асабліва небяспечнымі для чалавека з’яўляюцца сістэмы арганізаванага гвалту. Гэтыя сістэмы дэфармуюць псіхіку і каштоўнасныя ўстаноўкі як агрэсара, так і ахвяры. У выніку сілавое вырашэнне любых праблем становіцца нормай у грамадстве”.
„Дзяржава, якая сістэмна ўжывае гвалт да сваіх грамадзян, асуджаная на дэградацыю і крах. Такую будучыню рыхтуюць для нас улады, аднак беларусы паўсталі на абарону сваіх правоў і свабод. Яны хочуць дакладнага выканання законаў і Канстытуцыі, сапраўднага, а не фіктыўнага права выбіраць, будаваць сваё жыццё і будучыню сваёй краіны. Трэці месяц не спыняюцца пратэсты, дзясяткі і сотні тысяч людзей выходзяць на мірныя маршы, становяцца ў ланцугі салідарнасці, уступаюць у страйкавыя камітэты. Многія беларусы становяцца валанцёрамі і дапамагаюць пацярпелым ад дзеянняў уладаў, сярод іх ёсць і нашы калегі”, — падкрэслілі навукоўцы.
Яны канстатавалі, што ўлады „размаўляюць з людзьмі мовай гвалту”, што вядзе „да краху, а не да росквіту Беларусі”. Аўтары роліка нагадалі, што ў жніўні зварот супраць гвалту падпісалі амаль тры тысячы навукоўцаў, „але навукоўцаў у краіне больш за 20 тысяч”.
„Што прымушае нас заплюшчваць вочы на рэпрэсіі свайго народа, калегі? — апелявалі яны. — Пасада, якой могуць пазбавіць? Чаму мы маўчым? Мы бачым непрыхаванае нахабства чыноўнікаў і крывадушнасць улады. Мы бачым, як падрываюцца базавыя асновы нашай нацыянальнай культуры, чуем, як здзекуюцца з нашай роднай мовы. Вы ведаеце, да якога бездапаможнага стану даведзеная сёння навука, якая жабрацкая зарплата ў навукоўцаў, колькі творчай моладзі з’ехала з краіны? Адзінае, што бездакорна працуе ў сённяшняй Беларусі, — сістэма арганізаванага гвалту”.
Паводле слоў навукоўцаў, сімвалам цяперашняй улады з’яўляецца сілавік у балаклаве, які б’е бяззбройную жанчыну, але гэта, перакананыя яны, не сімвал Беларусі. „За 26 гадоў нас падманвалі ўжо тысячу разоў, — падкрэсліваюць аўтары звароту. — Рэжым разумее: крэдыт даверу народа вычарпаны. Не маючы магчымасці сілавым шляхам зламаць мірны народны супраціў, улада будзе выкручвацца і хлусіць, а пасля — помсціць. Ужо цяпер улада заяўляе, што знойдзе ўсіх удзельнікаў пратэстаў. І ўжо калі ўлада ўступіла на гэты шлях, то логіка падзей абавязкова прывядзе яе да кожнага з вас, але гэта будзе ваша асабістая сустрэча з безаблічным рэжымам. Раз цяпер вы глядзіце гэты зварот, значыць, вы ўжо разумееце, што цяперашняя ўлада амаральная і агідная, яна падступная і хлуслівая”.
Аўтары відэазвароту падкрэслілі, што „сённяшняя барацьба і пратэст — гэта не толькі пытанне палітыкі і эканомікі”, гэта пытанне „будучага грамадскага ладу, пытанне культуры і цывілізацыі, пытанне чалавечнасці, гонару і гуманізму, пытанне маральнасці кожнага”.
„Мы звяртаемся да ўсіх навукоўцаў Беларусі, да ўсіх грамадзян Беларусі. Мы пратэстуем супраць задушэння інтэлектуальных свабод, супраць ілжывай прапаганды і падману народа. Мы супраць ідэалагічнай цэнзуры ў інфармацыйнай прасторы. Мы супраць звальненняў і арыштаў паводле палітычных матываў. Мы супраць выправаджэння таленавітых, актыўных і сумленных грамадзян з краіны”, — адзначылі яны.
Прадстаўнікі навуковай супольнасці запатрабавалі „вызваліць усіх несправядліва асуджаных па сфабрыкаваных справах”. Яны заявілі, што хочуць, „каб кожны мог свабодна выказваць сваё меркаванне і казаць праўду без страху за сябе і сваіх блізкіх”.
„Мы, навукоўцы Беларусі, людзі розных поглядаў і перакананняў, захапляемся мужнасцю нашых шахцёраў, самаадданасцю нашых медыкаў, рашучасцю нашых рабочых. Мы салідарныя з усімі, хто абараняе грамадзянскія свабоды, маральнасць і гуманізм. Мы ведаем, што наша барацьба не дарэмная, што рэжым, на які ціснуць грамадзяне знутры краіны і які блакуецца звонку, хутка падзе. Так заўсёды было ў гісторыі. І на яго месцы хутка паўстане свабодная і дэмакратычная краіна. Наша новая радзіма. Жыве Беларусь!” — такімі словамі завяршаецца зварот.