Група студэнтаў БДУ шпіталізаваная для абследавання на каронавірус



Група студэнтаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта шпіталізаваная для абследавання на каронавірус COVID-19.

Як паведаміла прэс-сакратар Міністэрства аховы здароўя Юлія Барадун, у БДУ праводзяцца санітарна-эпідэміялагічныя мерапрыемствы: група студэнтаў, „так званыя кантакты другога ўзроўню”, шпіталізаваная ў Рэспубліканскі клінічны шпіталь інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны для тэставання на COVID-19. „Захварэлых сярод студэнтаў няма. Універсітэт працуе ў звычайным рэжыме”, — падкрэсліла Барадун.

Прэс-сакратар дадала, што Міністэрства аховы здароўя мае права паведамляць толькі пра агульны лік пацверджаных выпадкаў. „Інфармацыя, якая дазваляе ідэнтыфікаваць пацыента, не можа быць дадзеная ў адпаведнасці з патрабаваннямі закона „Аб ахове здароўя”.

На гэты момант ва ўстановах аховы здароўя Беларусі з дыягназам COVID-19 знаходзяцца 12 пацыентаў, трое рыхтуюцца да выпіскі. Ва ўсіх стан здавальняючы, павышанай тэмпературы і іншых клінічных праяў хваробы няма.

Сусветная арганізацыя аховы здароўя 11 сакавіка абвясціла распаўсюджванне новага каронавіруса ў свеце пандэміяй. Агульная колькасць заражаных дасягнула 126,6 тысячы чалавек у 116 краінах. Памерлі 4,6 тысячы захварэлых, вылечыліся 68,3 тысячы.

belapan.by