Грыбная ліхаманка на Гомельшчыне



На Гомельшчыне – грыбная ліхаманка. Бягучы год выдаўся ўраджайным на грыбы. Жыхарка Гомеля Алена Германовіч адзначае, што даўно не бачыла столькі баравікоў:

— Не ўсе гады ўраджайныя на грыбы, але ў гэтым годзе здарылася нешта анамальнае, як мне здаецца, бо старыя людзі ў вёсках кажуць, што такога даўно не бачылі, каб так шмат было грыбоў. Зараз жа прыязджаеш у лес і, як кажуць, касой касі. Сядаеш на нейкім месцы і проста бачыш вакол сябе розныя добрыя грыбы: баравікі, падасінавікі.

У сацыяльных сетках сотні карыстальнікаў выкладаюць фотаздымкі з ціхага палявання. А ў пасёлку Акцябарскі Гомельскай вобласці муж з жонкай назбіралі за тры гадзіны 700 белых грыбоў.

«У лес трэба браць компас, заражаны тэлефон і браць толькі знаёмыя грыбы», — такія парады дае грыбнікам ляснік у шостым пакаленні Яўген Скочка. У перыяд збору грыбоў у лесе губляюцца дзясяткі грыбнікоў. А паводле Рэспубліканскага таксікалагічнага цэнтра, штогод у гарадскую клінічную бальніцу Менска звяртаецца ад ста да трохсот чалавек з праблемамі пасля ўжывання грыбоў. Яўген Скочка нагадвае, што ў лесе трэба быць уважлівым.

— Раю ўключаць на тэлефоне GPS, абавязкова браць мабільнік, запамінаць куды ідзеш. Калі зусім не ведаеш, дык меткі пакідаць. Я назіраю вялікую небяспеку, бо людзі шмат атручваюцца. Тысячу разоў мне прыходзілася выкідаць цэлыя кашы, бо людзі збіралі белыя паганкі. Самі белыя грыбы бываюць смяротна атрутнымі. Калі любы грыб расце побач з бледнай паганкай, я не раю браць, бо яны неяк апыляюцца і могуць быць атрутнымі. Яшчэ белы грыб, калі сухое спякотнае надвор’е, можа быць смяротна атрутным. Раю заўсёды адварваць грыбы ў салёнай вадзе.

Паводле дадзеных Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, сёлета ў Беларусі зафіксавана каля сотні выпадкаў атручвання грыбамі. Адзін з іх скончыўся смерцю.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель