Грыбнік з Магілёва знойдзены мёртвым у лесе
Магілёвец, які згубіўся ў лесе, знойдзены мёртвым. Яшчэ трое працяглы час адшукваюцца ў лесе.
Як паведаміў БелаПАН афіцыйны прадстаўнік УУС Магілёўскага аблвыканкама Дзмітрый Ігнатовіч, 16 верасня ў 12.00 68-гадовы пенсіянер з Магілёва і яго сваякі прыехалі ў лес на аўтамашыне. „Мужчына знік. Родныя доўга яго шукалі самі, а потым патэлефанавалі ў міліцыю. Прыкладна ў 17.30 на труп пенсіянера без бачных прыкмет гвалтоўнай смерці натыкнуліся іншыя грыбнікі, якія дапамагалі ў пошуках. Вядома, што ў магілёўца было хворае сэрца”, — паведаміў Ігнатовіч.
Ён таксама расказаў, што ўжо пятыя суткі паблізу вёскі Залессе Магілёўскага раёна ідуць пошукі 70-гадовага магілёўца Дзмітрыя Нікіценкі. Раніцай 14 верасня ён пайшоў са свайго дачнага дома ў садовым таварыстве „Залессе” ў грыбы і дадому не вярнуўся.
Усяго, паводле даных абласной міліцыі, з пачатку года ў лясах Магілёўшчыны згубіліся больш за 20 чалавек. Большасць заблукалых грыбнікоў часцей за ўсё атрымоўваецца своечасова знайсці, аднак дагэтуль застаюцца не знойдзенымі акрамя Нікіценкі жанчына 1926 года нараджэння ў Бабруйскім раёне і мужчына 1956 года нараджэння ў Чэрыкаўскім раёне. Яны згубіліся ў лесе 1 верасня і 29 ліпеня адпаведна.
Фота t.ks.ua