Губарэвіч звярнуўся да ўладаў па дазвол правесці пікет у сябе на балконе



Старшыня руху „За Свабоду” Юрый Губарэвіч звярнуўся ў Менгарвыканкам з просьбай дазволіць пікет у сябе на балконе для публічнай дэманстрацыі бел-чырвона-белага сцяга.

У заяўцы пазначана, што ў пікеце не будуць браць удзел людзі, месцам яго правядзення названая лоджыя на хатнім адрасе палітыка.

„У сувязі з адсутнасцю ўдзельнікаў па месцы правядзення масавага мерапрыемства (пікета) у заяўлены час прашу вызваліць ад заключэння дамовы і аплаты паслуг, якія аказваюцца органамі ўнутраных спраў, звязаных з медыцынскім абслугоўваннем і прыбіраннем тэрыторыі”, — напісаў Губарэвіч у заяўцы.

„Міліцыя, выконваючы задачу па забароне нацыянальнай сімволікі, даходзіць да абсурду, — растлумачыў палітык БелаПАН свой учынак. — Замест таго каб займацца сваімі справамі і затрымліваць рэальных злачынцаў, яны тэрарызуюць грамадзян, якія на сваёй тэрыторыі, у сваёй кватэры, вывешваюць тыя сімвалы, якія лічаць сапраўднымі і нацыянальнымі”.

Губарэвіч мяркуе, што абсалютна незаконныя дзеянні міліцыя спрабуе падвесці пад закон „Аб масавых мерапрыемствах”. „Відавочна, ніхто гэты закон не чытаў, бо масавае мерапрыемства характарызуецца калі не масавасцю ўдзельнікаў, то прынамсі іх наяўнасцю”, — падкрэсліў ён.

Паводле слоў палітыка, заяўка на правядзенне пікета закліканая прадэманстраваць, да якога абсурду дайшла сітуацыя.

„Калі тыя, хто сёння ўтрымлівае ўладу, заяўляюць, што караюць людзей за непадпарадкаванне закону, то няхай прадэманструюць хоць нейкі легальны шлях вырашэння сітуацыі”, — сказаў лідар руху „За Свабоду”.

belapan.by