“Гучаць прапановы узмацніць каранцін”. Беларус з Каталоніі пра сітуацыю з COVID-19
Колькасць памерлых ад COVID-19 у Гішпаніі перавысіла амаль 5 тысячаў хворых. З чаго за мінулыя содні сканала 832 чалавекі. У краіне ўжо 2 тыдні трывае надзвычайнае становішча, парламент працягнуў яго да 11 красавіка. Большасць жыхароў Гішпаніі апынулася на прымусовым каранціне, выходзіць з дому можна толькі пры важнай патрэбе.
Пра тое, як гэтыя меры ўспрымае каталонскае і гішпанскае грамадства, распавядае беларус з Барселоны, мясцовы гід Павел Кірылёнак:
– Перш за ўсё, хачу сказаць, што цяжка казаць пра погляды грамадства з пункту гледжання майго асабістага ўспрыняцця. Я сяджу ўдома, як большасць знаёмых, і магу судзіць толькі па тым, што пішацца ў прэсе, сацыяльных сетках. Мне падаецца, што ёсць такое амаль што ўсеагульнае разуменне, што каранцін – гэта абсалютна неабходная мера, што без яго ніяк. І мне здаецца, што нават больш крытыкі наконт таго, што ён быў запозна ўведзены, чым наконт таго, што яго ўвогуле ўвялі. Напрыклад у Каталоніі, у каталонскай прэсе шмат пішуць пра тое, што добра было б увогуле ізаляваць Каталонію, бо пачыналася ўсё з таго, што Мадрыд быў асноўным месцам, дзе было найбольш інфікаваных. Гучаць прапановы зрабіць каранцін яшчэ больш жорсткім, каб людзі нават на працу не хадзілі, каб зачыніліся ўсе прадпрыемствы на нейкі час. Бо калі гэтага не будзе зроблена, усё можа быць яшчэ горш.
РР: Спадару Паўле, Вы працуеце ў сферы, звязанай з турыстамі. Як Вы адчулі на сабе гэтую сітуацыю, Вы вымушаныя сядзець удома. Ці ёсць нейкія меры, якія прымаюцца на ўзроўні ўладаў, каб неяк кампенсаваць страты тым людзям, якія вымушаныя праз гэтую кепскую сітуацыю не працаваць?
Павел Кірылёнак: Насамрэч, для мяне гэта стала такім абсалютным персанальным фінансавым калапсам. Знікла бадай адзіная крыніца прыбытку. Турыстычнай сферы ў Гішпаніі цяпер проста не існуе і кажуць, што яна не будзе існаваць яшчэ прынамсі некалькі месяцаў. Урад прыняў некаторыя захады па дапамозе суб’ектам бізнэсу і самазанятым. Але праблема ў тым, што там вельмі шмат «малых літараў». Калі глядзіш на ўсе гэтыя абяцанкі і лічбы, то ўсё быццам бы добра. Потым, калі пачынаеш чытаць, што трэба зрабіць, якія трэба паперы падаць, каб атрымаць нейкую дапамогу, чамусьці атрымоўваецца так, што гэтага не могуць даць па той прычыне, гэтага па іншай і г.д. Я зараз увогуле сумняюся, што нейкую дапамогу ўдасца атрымаць з боку дзяржавы.
РР: Але калі казаць у пунктах, ці Урад гаварыў, што столькі там адсоткаў ад даходу, вызваленне ад падаткаў, ці ў выпадку, калі хтосьці мае офіс, вызваленне ад арэнднай платы, як гэта выглядае, прынамсі абяцанні.
Павел Кірылёнак: Што абяцае Ўрад Гішпаніі людзям канкрэтна майго статусу? Я самазаняты, я не працую па кантракце. Перш за ўсё, нават не адмянілі сацыяльны падатак для самазанятых, які я плачу штомесяц – а гэта каля 300 еўра, яго не адмянілі, нягледзячы на тое, што сітуацыя такая, якая ёсць. І гэта абсалютна незразумела. Што паабяцалі? Паабяцалі тое, што можна будзе ўзяць нейкі льготны крэдыт, што большасць банкаў будзе пад гарантыі дзяржавы адкрываць нейкія крэдытныя лініі пад гарантыі дзяржавы. То бок, можна будзе пазычыць грошы, і потым іх аддаваць. Сам факт [таго, што трэба] пазычыць грошы, мне здаецца сумнеўнай дапамогай, з улікам «маленькіх літараў», мне іх яшчэ могуць і не пазычыць. Мясцовы Урад Каталоніі наадварот паабяцаў, што самазанятым Каталоніі проста дадуць грошы. Тым, хто непасрэдна аказаўся пад ударам гэтага крызісу. Але там называецца лічба 4500 асобаў, якія атрымаюць гэтую дапамогу. Ведаеце, адных толькі турыстычных гідаў у Каталоніі каля 3000. Калі да іх дадаць усіх, хто мае нейкія маленькія рэстарацыі, бары, хто працуе ў турфірмах, лічба будзе проста ў дзясяткі ці сотні разоў вышэйшая, чым гэтыя 4500 чалавек, якія атрымаюць дапамогу. То бок, там будзе нейкая канкурэнцыя 20 чалавек на гэтую дапамогу, гэта таксама вельмі сумнеўная дапамога. Ніякае размовы аб тым, каб не плаціць арэнду за памяшканні – пра гэта ўвогуле не вядзецца. Урад кажа, дамаўляйцеся з гаспадарамі памяшканняў, хай яны праявяць салідарнасць і міласэрнасць.
РР: Ва Усходняй Еўропе ў медыях мы чуем, што ў Італіі, а таксама ў Гішпаніі паўстае такое пытанне, што не хапае медперсаналу і месцаў у шпіталях, і лекары вымушаныя рабіць такі выбар, каго лекаваць, а каго не. Ці сапраўды ўсё настолькі трагічна? Ці гэта больш выпадкі з адзіночных шпіталяў, ці сапраўды такая сітуацыя ўжо па ўсёй краіне?
Павел Кірылёнак: Гэта кропкавая сітуацыя, па ўсёй краіне яе, дзякуй Богу, пакуль што няма. Але праблема ў тым, што першая хваля эпідэміі ахапіла літаральна некалькі рэгіёнаў, перш за ўсё, Мадрыд, таксама Краіна Баскаў, Рыёха і зараз у Каталоніі вельмі хутка расце. Я дапускаю, што гэтая сітуацыя мае месца ў некаторых шпіталях, у канкрэтных клініках. Гэта таксама вельмі дрэнна, але яна не ёсць масава распаўсюджанай. Тым больш, што вось за гэты час, апошнія некалькі дзён Каталонскі дэпартамент аховы здароў казаў пра тое, што колькасць месцаў інтэнсіўнае тэрапіі ў шпіталях будзе павялічаная прынамсі ў 3 разы. Я спадзяюся, што спачатку падрыхтуюцца да гэтага піку захворвання, а потым паглядзім, з Божай дапамогай, можа пойдзе ўсё на спад, і сістэма аховы здароўя справіцца.
Цалкам матэрыял:
Вітаўт Сіўчык, Беларускае Радыё Рацыя