„Сорам суддзям, якія не ведаюць беларускай мовы”
Суд над грамадскімі актывістамі з Баранавіч Уладзімірам Гундарам і Юрыем Казакевічам перанесены.
Суддзя Баранавіцкага суда Аксана Літвінчык не ведае беларускай мовы, на якой запатрабаваў весці працэс прыцягваемы да адміністрацыйнай адказнасці грамадскі актывіст Уладзімір Гундар.
Паводле Уладзіміра Гундара, дзяржаўны служачы павінен валодаць дзвюмя дзяржаўнымі мовамі:
– Перакладчык патрэбен не мне, а суддзі, каб пераклаў з адной дзяржаўнай мовы на другую. Такое можа быць толькі ў Беларусі. Суддзя-беларуска з вельмі беларускім прозвішчам Літвінчык не ведае беларускай матчынай мовы. І я больш чым упэўнены, што гэтая суддзя родам з вёскі. Таму ўдвая сорамна.
Суд над актывістамі Уладзімірам Гундарам і Юрыем Казакевічам перанесены на 13-га траўня, пачатак а 16-ай гадзіне. А судзяць актывістаў за віншаванне грамадзян на гарадской плошчы з Днём Волі і 98-мі ўгодкамі Беларускай Народнай Рэспублікі.
Беларускае Радыё Рацыя