Гурту Dzieciuki не дазволілі ўжо другі канцэрт у Менску
Гарадзенскі гурт Dzieciuki, імаверна, трапіў пад негалосную забарону. Апошні выступ калектыву ў Менску адбыўся ў межах музычнай прэміі Еўрарадыё «Даём рады» 27 лютага. Пасля гэтага ўсе спробы арганізаваць канцэрт гурта былі безвыніковымі. Гарадзенскія панкі збіраліся прэзентаваць новы альбом «Рэха» у сталічным клубе Re:Public 14 мая, аднак Менгарвыканкам не выдаў дазвол на мерапрыемства.
Тое самае здарылася і з выступам гурта ў клубе Beer&Wine 15 мая, які меў адбыцца ў межах фэсту «Дзень дуды». Старшыня галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Мінгарвыканкама Павел Скалабан не каментуе, чаму «Дзецюкі» не могуць выступіць у Менску, і кажа, што ўсё патлумачана ў лісце арганізатарам:
«Мы ўсё патлумачылі ў дакуменце. Дзе ўзяць дакумент? Не ведаю, мы даслалі яго заяўнікам».
Арганізатары канцэртаў таксама адмаўляюцца каментаваць сітуацыю. Па інфармацыі крыніцы Еўрарадыё з Менгарвыканкама, у адказе ідэолагаў гаворыцца пра тое, што дзейнасць «Дзецюкоў» трапляе пад пункт 5 главы 2 «Палажэння аб арганізацыі і правядзенні культурна-відовішчных мерапрыемстваў», зацверджанага Указам прэзідэнта. Пад гэтым пунктам у дакуменце гаворыцца наступнае:
«Забараняюцца арганізацыя і правядзенне мерапрыемстваў:
-якія маюць на мэце ажыццяўленне прапаганды вайны ці экстрэмісцкай дзейнасці; -якія прадстаўляюць пагрозу нацыянальнай бяспецы, грамадскаму парадку, маральнасці і здароўю насельніцтва, правам і свабодам грамадзян; -з парушэннем патрабаванняў дадзенага Палажэння і іншых актаў заканадаўства, у тым ліку ў сферы аўтарскага права і сумежных правоў».
Сам гурт цяпер гастралюе па Польшчы і Украіне. Да сітуацыі з мінскімі канцэртамі музыкі ставяцца па-філасофску:
«То забараняюць, то дазваляюць. Будзем працягваць займацца асветніцтвам і творчасцю!»
Еўрарадыё, фота Беларускае Радыё Рацыя