ГУУС: За напад на Сяргея Чалага затрыманыя чацвёра чалавек



ГУУС Менгарвыканкама абнародавала падрабязнасці нападу на эканаміста і вядучага праграмы „Эканоміка на пальцах” на партале tut.by Сяргея Чалага і яго сябра Анатоля Сакалоўскага.

Паведамляецца, што ў нападзе на кампанію Чалага падазраюцца чацвёра менчукоў, якія затрыманыя. Нагадаем, СК паведаміў пра пяцярых затрыманых.

ГУУС інфармуе, што інцыдэнт здарыўся ноччу 19 мая. У 00.34 у аператыўна-дзяжурную службу Цэнтральнага РУУС паступіла паведамленне ад грамадзяніна, што па вуліцы Леніна, 5, невядомыя збілі двух грамадзян. На месца здарэння былі накіраваныя два аўтапатрулі АМАП. Чалага і яго сябра даставілі ў райупраўленне міліцыі.

Са слоў пацярпелых супрацоўнікамі міліцыі былі прынятыя заявы. Чалы расказаў, што напярэдадні вечарам у кафэ распіваў спіртныя напоі са сваімі знаёмымі. У 23.00, пасля закрыцця кафэ, яны з прыяцелямі купілі піва і шаурму і накіраваліся ў двор дома № 8 па вуліцы Леніна, дзе працягнулі выпіваць. Праз непрацяглы час да іх падышла кампанія маладых хлопцаў, якія беспадстаўна сталі наносіць ўдары Чаламу і яго сябру, трэці ўдзельнік кампаніі, як гаворыцца ў паведамленні ГУУС, „пайшоў з месца канфлікту і выклікаў супрацоўнікаў міліцыі”.

„З прычыны знаходжання ў стане алкагольнага ап’янення Чалы С. В. і яго сябар паведаміць колькасць і прыкметы асоб, якія наносілі ім ўдары, а таксама канкрэтныя абставіны здарэння не здолелі”, — паведамляе ГУУС.

Пасля заканчэнні апытання пацярпелым была выкліканая брыгада хуткай медыцынскай дапамогі. Чалага шпіталізавалі ў хірургічнае аддзяленне БСМП, яго сябар паводле вынікаў медыцынскага абследавання быў адпушчаны дадому.

Чацвёра мінчан, якія падазраюцца ў нападзе, паводле інфармацыі ГУУС, затрыманыя па гарачых слядах.

Аператыўнікі высветлілі абставіны здарэння, і цяпер дакладна вядома, што напад не быў спланаваным.

У выніку апытання падазраваных высветліліся дадатковыя акалічнасці. Ноччу 19 мая ў гэтым жа двары выпівала не толькі кампанія Чалага, але яшчэ пяць чалавек. Прыкладна ў 00.30 маладыя людзі вырашылі разыходзіцца. Ідучы міма кампаніі Чалага, сямейная пара, якая адстала ад сваіх сяброў, пачула на свой адрас рознага роду жарты, кпіны і нецэнзурную лаянку. Прадбачачы канфлікт, муж патэлефанаваў сябрам, якія адышлі наперад. Калі тыя вярнуліся, кампанія Чалага справакавала канфлікт, і пачалася бойка, „зыход якой вырашыла колькасць выпітага спіртнога і колькасць удзельнікаў”, заявілі ў ГУУС.  БелаПАН