Human Constanta: агляд сітуацыі з «транзітнымі бежанцамі» ў Берасці
Праваабарончая ініцыятыва Human Constanta, якая адсочвае сітуацыю з “транзітнымі бежанцамі” з Каўказу ў Берасці, падрыхтавала прамежкавы агляд сітуацыі за верасень-снежань 2018 года. Справаздача падрыхтавана на падставе маніторынгавай дзейнасці гарадскога офіса ініцыятывы і пры дапамозе валанцёраў. Кажа праваабаронца Наста Лойка:
– Ёсць асобныя буклеты пра тое, якія ёсць правы ў грамадзян Расейскай Федэрацыі, як абараніць сябе анлайн у інтэрнэце. І таксама мы знаёмім людзей з нашай дзейнасцю тут, у Берасці, па абароне так званых “транзітных бежанцаў”. Ёсць нашы даклады пра сітуацыю, мы інфармуем пра дзейнасць арганізацыі, таму што не ўсе ведаюць, што ўвогуле ёсць праваабарончыя арганізацыі і чым яны займаюцца.
Падрабязней даведацца пра тое, колькі „транзітных бежанцаў” з Каўказу і іншых рэгіёнаў Азіі знаходзіцца ў Берасці, якая дынаміка змены сітуацыі па месяцах і іншых крытэрах можна паглядзець на афіцыйнай вэб-старонцы Human Constanta. Праз Берасце ўцекачы спрабуюць трапіць у краіны Еўрапейскага Звязу, каб атрымаць там палітычны прытулак. Як правіла, пры кожнай са спробаў, толькі адной-дзьвум сям’ям з некалькіх дзясяткаў удаецца застацца ў Польшчы. Астатніх адпраўляюць назад у Берасце.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце