Human Rights Watch: У 2017 годзе ўлады Беларусі працягвалі наступ на грамадзянскую супольнасць
Еўрапейскія ўрады і інстытуты ў 2017 годзе працягвалі ўмацоўваць адносіны з афіцыйным Менскам насуперак адсутнасці адчувальных зрухаў у сітуацыі з правамі чалавека. Пра гэта гаворыцца ў штогадовым дакладзе праваабарончай арганізацыі Human Rights Watch (HRW) аб сітуацыі з правамі чалавека ў свеце. У раздзеле па Беларусі адзначаецца, што ў 2017 годзе ўрад працягнуў наступ на грамадзянскую супольнасць. „Маштабы арыштаў мірных удзельнікаў пратэстаў дасягнулі беспрэцэдэнтнага ўзроўню з 2010 года”, — падкрэсліваюць праваабаронцы.
Паводле дадзеных HRW, у сувязі з вясновымі пратэстамі супраць дэкрэта „аб дармаедстве” і акцыяй з нагоды Дня Волі былі адвольна затрыманыя па меншай меры 700 чалавек, у тым ліку каля 100 журналістаў і 60 праваабаронцаў. „Шмат каго пры затрыманні білі кулакамі, нагамі або дубінкамі. Па меншай меры 177 чалавек былі прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці па надуманых абвінавачаннях, такіх як хуліганства ці ўдзел у несанкцыянаванай публічнай акцыі; на фармальных слуханнях ім прызначалі штраф або арышт да 25 сутак. Шмат у каго не было доступу да адваката і магчымасці выклікаць сведак у сваю абарону”, — гаворыцца ў дакладзе.
У ім адзначаецца, што ў сакавіку 35 чалавек былі арыштаваныя па крымінальнай справе аб „падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках” (справа „Белага легіёну”), у красавіку 20 фігурантам гэтай справы было дабаўлена абвінавачанне ў „арганізацыі незаконнага ўзброенага фарміравання”. „У чэрвені справа аб масавых беспарадках была спынена з-за адсутнасці складу злачынства, абвінавачваных толькі па гэтым артыкуле вызвалілі, а абвінавачваных яшчэ і ў арганізацыі ўзброеных фарміраванняў адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе, але справу супраць іх не закрылі”, — адзначаецца ў дакладзе. Увосень справа была спыненая.
HRW нагадвае пра тое, што 25 сакавіка за некалькі гадзін да пачатку вулічнай акцыі праваахоўныя органы правялі рэйд у мінскім офісе закрытага ўладамі праваабарончага цэнтра „Вясна”, пры гэтым былі затрыманыя 58 чалавек. „У выніку недазволенага абыходжання з боку міліцыі юрыст праваабарончага цэнтра атрымаў страсенне мозгу і быў шпіталізаваны. Праводзіць расследаванне ўлады адмовіліся, — гаворыцца ў дакладзе. — Пяць актывістаў „Вясны” і Беларускага Хельсінкскага камітэта былі затрыманыя падчас маніторынгу сакавіцкіх пратэстаў і прыцягнутыя да адказнасці за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Усім быў прызначаны адміністрацыйны арышт да 15 сутак”.
У дакладзе адзначаецца, што ў 2017 годзе, упершыню за дзесяць гадоў, улады зарэгістравалі апазіцыйны палітычны рух (гаворка ідзе пра „Гавары праўду”), але „абмежавальнае заканадаўства па-ранейшаму не дазваляе праваабарончым групам рэгістравацца і свабодна працаваць”. З 2000 года ні адной новай палітычнай партыі не ўдалося атрымаць рэгістрацыю. За ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі прадугледжана крымінальная адказнасць. Большасць адмоў у рэгістрацыі выносіцца на падставе адвольных заўваг бюракратычнага характару, лічаць праваабаронцы.
У дакладзе HRW згадваецца, што ў жніўні 2017 года ў дачыненні да кіраўніцтва незалежнага прафсаюза РЭП была распачатая крымінальная справа аб ухіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. „Мясцовыя і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі расцанілі пераслед прафсаюзаў і іх лідараў як помсту ўладаў за крытыку „падатку на дармаедаў” і ўдзел у сакавіцкіх дэманстрацыях”, — гаворыцца ў дакладзе.
У дакладзе прыводзяцца і іншыя парушэнні правоў чалавека, якія мелі месца ў Беларусі ў 2017 годзе.
Беларускае Радыё Рацыя