“І Больш за век будзе доўжыцца Чарнобыль…”
…Калі проста ўехаць за калючы дрот з надпісам “забароненая зона”, насцярожана аглядаючы похапкам зваленыя дзесяцігоддзі таму кавалкі арматуры, абгарэлыя шкілеты дамоў, здзічэлую прыроду з рэдкімі, засохлымі дрэвамі, якіх, здаецца ўжо ніколі не пакалыша ветрык – першае, што агалошвае, уціскае цябе ў зямлю – магільны спакой. Пасля позірку адкрываюцца карціны, што прымушаюць ўздрыгваць – шэрыя, адхіленыя твары дарослых, патухлыя вочы чарнобыльскіх дзетак, шэрагі сучасных катэджаў, што ніколі не будуць заселеныя, бо пабудаваныя на забруджаных землях29-ыя ўгодкі народзінаў Зоны. Карціны на тысячакіламетровым шляху на чарнобыльскую Галгофу. Па мясцінах, куды прыйшлося 70 адсоткаў радыёактыўных выкідаў. Геаграфічна, псіхалагічна гэта ўжо дзве розныя Беларусі. І масткі паміж імі дагэтуль не перакінутыя, урокі для плоднасці ды здароўя не атрыманыя. Пра апакліптычны знак, што нясе для ўсіх нас Чарнобыль, выкажуць сваё бачанне нашы госці. Будуць і эксклюзіўныя ўспаміны. Вось кароткія візітоўкі.НАТАЛЛЯ АДАМОВІЧ – дачка Чалавека, Пісьменніка, Грамадзяніна, што ўпершыню сказаў планеце праўду пра Чарнобыль. 20 год займаецца збіраннем архіваў таты, выданнем кніг, стварэннем выставаў. Філолаг, музейны супрацоўнік.
ЮРЫЙ ЦЫБІН – паэт, прадусар, выдавец больш за 250 кніг, СD-DVD-дыскаў беларускіх аўтараў ды выканаўцаў. Фільмаў “Аазіс” ды “Верыць толькі ветру” пра Чарнобыль. А таксама кнігі Алеся Адамовіча “Имя сей звезде Чернобыль…»
РР: Узгадайце, што з вамі было 26 красавіка 1986…
ЮРЫЙ: Я рыхтаваў свята горада ў Менску і, натуральна, не ведаў, што адбылося. Самым балючым пасля сталася тое, што мая маці гэтым часам была ў Гомелі. І першага траўня з братам ды яго дзеткамі – Ганначкай ды Аўгенчыкам – выйшлі пасля дэманстрацыі на гулянні ў парк, што дагэтуль пякельна адбіваецца на іх здароўі – несупынна хварэюць…
НАТАЛЛЯ: Акурат у ноч з 25 на 26 тата ляцеў з Каўказа, куды любіў ездзіць лекавацца “на воды”. Пасля казаў, што акурат пралятаў над яшчэ працуючым Чарнобылем – тады пра ТАКІЯ падзеі адразу не паведамлялі. Разам са мной сустрэў у парку Горкага тагачаснага сакратара па ідэалогіі Аляксандра Трыфанавіча Кузьміна, таксама франтавіка, лётчыка, які шмат чым дапамагаў Адамовічу і Быкаву. Я памятую, як на вачах чарнеў твар бацькі ў часе размовы з ім. А вакол усё было, як зараз кажуць, ціп-топ. Я ж 26-а трапіла пад праславуты “кіслотны” дождж. На мне была любімая зялёная сукенка, якую ён пасля бязлітасна выкінуў у сметнік. Увогуле, канец красавіка 86 быў, як на бяду, надзвычай сонечны ды цёплы – так што “рэнтгенаў” хлебанула процьма людзей. Памятую тэлекадры з Гомеля, дзе дзяўчаты, якім нараджаць дзяцей, са шчаслівымі тварамі мылі вокны. Самае жахлівае для Алеся было тое, што ўсе былі ПАД АДКРЫТЫМ НЕБАМ! І ўсе, хто нешта ведаў – маўчалі…
ЮРЫЙ: А ўзгадаць, як жыхары “чарнобыльскага” гарадка Прыпяць, што ў 3 км ад рэактара, аж да эвакуацыі, хадзілі разам з дзеткамі “паўзірацца” на пякельныя, на дзесяткі метраў у вышыню, радыяцыйныя “факелы” над 4 энергаблокам!
НАТАЛЛЯ: Назаўжды адбілася ў памяці, як нейкі ўкраінскі журналіст тады досыць цынічна заўважыў у тэксце – “дзякуй богу, вецер дзьмуў не на Кіеў!” Няго ж! Мала таго, што ён гнаў смяротныя аблокі на нас, беларусаў, яны, каб не даляцелі да Масквы, паводле загаду з Крамля, вайсковымі летакамі былі “апушчаныя” на большасць раёнаў Магілёўшчыны ды Гомельшчыны, стварыўшы “чарнобыльскую пустыню”. (тут і далей цытаты з Алеся Адамовіча – В.С. ) Зрэшты, бацька яшчэ з 70-х, нібы, па закланню, жыва цікавіўся навуковымі працамі пра атам, атамную зброю. І, як прадбачанне, у 1979 з’явілася ягоная славутая “Апошняя пастараль”…
РР: А ў 1985 Адамовіч склаў “Катэхезіс ядзернага веку”, дзе напісаў: “На планеце няма надпісу на нейкіх дзвярах “запасны выхад”. Не будзе куды бегчы ў выпадку ядзернага пажару!” Так што, зразумела, чаму ў 86 ён быў “зчарнелы”…
НАТАЛЛЯ: Ён звярнуўся да самых вядомых беларускіх “атамшчыкаў” – акадэміка Васіля Несцярэнкі ды Мікалая Барысевіча, які на той час быў прэзідэнтам Акадэміі Навук. “Тайную вячэру” зладзілі на лецішчы Васіля Быкава. Дарэчы, тата, які зусім не ўжываў спіртнога, з усмешкай узгадваў, як Несцярэнка адчыніў “авоську” з сухім віном, цалкам усур’ёз дадаўшы – “зараз трэба!” 27 красавіка ён адразу прарваўся да тагачаснага першага сакратара ЦККПБ Слюнькова з патрабаваннямі арганізаваць “ёдавую” тэрапію, аж дазіметр падстаўляў да горла сакратаркі. Слюнькоў дэманстратыўна пратрымаў яго некалькі гадзін перад дзвярыма, толькі і высакамерна кінуўшы ў часе хвіліннай размовы – “няма чаго панікаваць!”
РР: Ці і не пасля гэтага ўжо з Масквы накіраваў радкі сябру – Васілю Быкаву: “Мы, беларусы, цяпер не толькі дзеці хатынскія, але і дзеці хірасімскія”?!
НАТАЛЛЯ: Так нарадзіўся стаўшы вядомым пасля на ўсю планету яго ліст да Гарбачова, дзе ён параўнаў чарнобыльскую сітуацыю з 1941 годам – “у нас тут вайна, трэць тэрыторыі забруджаная”. Дайце веры – падзеі не давалі сядзець на месцы. Яшчэ ў траўні ў прэм’ер-міністра СССР Мікалая Рыжкова былі украінскі кіраўнік “кабміна” Ляшко і беларускага Кавалёў. Украінец прасіў дазіметры, палівальныя машыны, урэшце, грошы, а “беларус” рахмана прамовіў – “а нам нічога асаблівага ня трэба, справімся”. Рыжкоў паляпаў таго па плячах – “вучыцеся!” 1 чэрвеня Адамовіч праз дарадцу здолеў перадаць ліст Гарбачову, які хутка быў агучаны на Палітбюро. Пасля ў Менск вылецелі шматлікія навукоўцы ды адмыслоўцы па розных галінах, дзе іх мясцовыя камуністычныя бонзы сустрэлі… ледзь не ў штыкі. Затое ўжо ў жніўні страціў пасаду Барысевіч, “зышлі” Кузьміна, убралі з пасады дырэктара НДІ Несцярэнку, які, праўда, тут жа стварыў незалежны “Белрад”. Тату “пракінулі” з акадэмікаў, хоць “пытанне” папярэдне ўжо было вырашана.
ЮРЫЙ: Пра якія пасады можна было гаварыць, калі зямля літаральна гарэла радыяцыяй пад нагамі! І Адамовіч, як народжаны ёй сыне, стукаўся ва ўсе дзверы – было нават папярэдне заключанае пагадненне з вядомым галівудскім рэжысёрам Стэнлі Крамерам стварыць мастацкую стужку, назва якой паўтарылася ў апошняй па часе, выдадзенай ужо нашымі намаганнямі кнізе “Імя сей звезде Чернобыль…” Увасобіцца ў рэчаіснасці кіно не дазволіла смерць абодвух творцаў…
НАТАЛЛЯ: “З гэтай бомбай чалавецтва стала смяротным!” Бацька выступаў супраць усяго небяспечна- “атамнага”. Маўляў, калі сядзіш у акопах, хоць разумееш – памрэш, дзеці застануцца. А калі будзе атамная вайна, пра якую зараз “з лёгкасцю незвычайнай” сталі прамаўляць аж у Крамлі – маўляў, можна прымяніць і маленькую “бомбачку”? Супраць каго вы яе будзеце “прымяняць?! Хіба не супраць тых жа жанчын і дзетак, да прыкладу, ва Украіне?! Адамовіч, без сумніву, зараз бы на ўвесь свет узвысіў свой голас супраць!
РР: І, як і дзесяцігоддзі таму, заслужыў бы абразлівыя абвінавачванні ў “панікёрстве”, “святатацтве”, “клікушніцтве”…
НАТАЛЛЯ: З-за чаго ў свае часы ён вымушаны быў з’ехаць з Беларусі, сістэматычна з’яўляючыся, палка выступаючы на кожным “чарнобыльскім шляху”. Дарэчы, мала хто памятае, але ў Беларусі ТРЫ гады пасля аварыі публічна замоўчвалі існаванне чарнобыльскіх праблем! Адамовіч тут адкрыта змог друкаваць свае артыкулы толькі з 1989. І калі я іх часам перабіраю, разумею, што іх можна перадрукоўваць, як сённяшнія…Не магу ўявіць, у якім шоку быў бы ад таго, што на Астравеччыне, на шматпакутнай нашай зямельцы ізноў паўстае злавесны прывід АЭС. Прычым у не ў забруджаным раёне! Дзеля чаго?! Адсюль мы будзем пагражаць усёй Эўропе?!
РР: Адамовіч у свае часы пабудаваў лагічны ланцуг: Курапаты-Хатынь-Чарнобыль. Маючы на ўвазе, тым ліку, духоўны Чарнобыль…
ЮРЫЙ: Канешне! Пры гэтым усё паўтараецца – ані слоўца супраць на афіцыйным ТБ, СМІ. Тым, хто спрабуе прарвацца з Праўдай, ізноў затыкаюць раты, аж да кратаў.
РР: Узгадваю ў звяз з гэтым ў часе вандровак па Зоне сваё дзіўнае адчуванне першароднай, насычанай свабоды на вызваленых ад дрэнных чалавечых думак і памкненняў землях…
ЮРЫЙ: Так, як казаў рэжысёр нашага “Аазіса” Юрый Хашчавацкі, калі і “фізіалагічны” бруд сыдзе з гэтых тэрыторый, яны стануць найдаражэйшымі ва ўсіх сэнсах…
РР: Вы ходзіце на “чарнобыльскія шляхі”?
(разам ) ТАК! Адамовіч браў удзел у першым, у 1989, які тады адбыўся 30 верасня. 26 красавіка ён зладжваецца з 1991. Чарнобыльская аварыя працягваецца. Таму паўторым перафразаваны да чарнобыльскай Беларусі хемінгуэеўскі выраз:
ПА КІМ ЗВІНЯЦЬ ЧАРНОБЫЛЬСКІЯ ЗВАНЫ? ЯНЫ ЗВІНЯЦЬ І ПА ТАБЕ!
[Not a valid template]
Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара ды з архіва Наталлі Адамовіч