Ідэі этнапедагогікі абмяркуюць на Рэспубліканскім педагагічным форуме
15-16 кастрычніка на базе Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі пройдзе II Рэспубліканскі педагагічны форум «Стварэнне этнакультурнай прасторы як умова выхавання і сацыялізацыі навучэнцаў у сістэме дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі».
Да ўдзелу ў форуме запрошаны педагагічныя работнікі ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, якія выкладаюць народную дэкаратыўна-прыкладную творчасць, музычны фальклор, фальклорны тэатр і іншыя дысцыпліны, педагогі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, спецыялісты і работнікі ўстаноў вышэйшай адукацыі, навуковых устаноў і арганізацый.
У рамках Педагагічнага форуму адбудзецца рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя. Таксама запланаваная бліц-панарама актуальнага педагагічнага вопыту, праца інтэрактыўных творчых пляцовак, рэспубліканскі фестываль праектаў навучэнцаў «Нашчадкі традыцый» (творчая прэзентацыя вынікаў конкурсу). Арганізатарамі форуму выступаюць Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі пры падтрымцы Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў і БДПУ імя Максіма Танка.
Пачатак работы Рэспубліканскага педагагічнага форума ў 11 гадзін 15 кастрычніка. Месца правядзення – актавая зала Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі (Менск, вуліца Кірава,16).