Ідзе набор у беларускамоўныя групы гарадзенскіх садкоў



Да 1-га красавіка працягнецца ў Гародні набор на наступны навучальны год ў беларускамоўныя групы дзіцячых садкоў №45 і №54, што ў Ленінскім раёне. Як паведамілі ў аддзеле дашкольнага выхавання аддзела адукацыі Гародні, пакуль няма дзяцей на наступны набор. Кажа Старшыня абласной рады Таварыства Беларускай мовы Алесь Крой:

— Нам паведамілі, што на жаль на сённяшні дзень аніводнай заявы да бацькоў пакуль не паступіла, але калі апублікавалі на «Тваім стылі» інфармацыю пра магчымасць аддаць сваё дзіця ў беларускамоўную групу, дык адна з каментатаршаў сказала, што яна падавала заяву. Пакуль мы ведаем пра адну. Я папрасіў звязацца з намі, каб яна нам дала паралельную інфармацыю, каб мы ведалі, калі яна падавала заяву.

Па пытаннях беларускага выхавання дашкольнікаў можна звяртацца ў аддзел адукацыі  Ленінскага раёна. Гарадзенская суполка Таварыства Беларускай Мовы просіць бацькоў дасылаць інфармацыю пра свае заяўкі на электронны адрас ТБМ.  У Кастрычніцкім раёне беларускіх дзіцячых групаў сёлета ў Гародні не было.

Да бацькоў мясцовае Таварыства беларускай мовы напісала адмысловы зварот:

„Калі вы сапраўды хочаце, каб вашыя дзеткі праз 10-15 гадоў (садок-школа) ведалі нароўні з расейскай і сваю, беларускую мову – вы маеце рэальную магчымасць гэта зрабіць, напісаўшы заяву ў беларускую групу д/с№45, ці №54.   Рабіце так, як патрабуе ваша душа і сэрца. Мы ўсе розныя, таму і ўнікальныя!   Самае галоўнае – пачынаць трэба з сябе, а не чакаць пакуль сусед гэты крок зробіць першым. ”  Тэлефоны Гарадзенскай абласной арганізацыі ТБМ:   Velcom 943-58-09 (Крой Аляксандр Ільіч) МТС 285-93-07 ( Буднік Іван Фёдаравіч)   Email: [email protected]

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня