Ідзе праца над падрабязным выданнем па расстрэлах на Аршаншчыне
Даследчык сталінскіх рэпрэсій на Аршаншчыне Ігар Станкевіч мае ідэю стварыць найбольш падрабязнае выданне па расстрэлах у рэгіёне. Туды ўвойдуць і дакументы расстраляных, знойдзеныя і ўкладзеныя ў кнізе «Место расстрела Орша» гісторыкам Змітром Драздом. Пра тое, што яшчэ ўвойдзе ў будучую кнігу, Ігар Станкевіч распавёў нашаму радыё:
– Ёсць ідэя зрабіць вялікую кніжку з тэкстамі, напрыклад, таго ж Юркі Копціка, які назбіраў даволі вялікі архіў успамінаў людзей, якія альбо бачылі гэтыя рэпрэсіі ў Воршы, альбо іх сваякі там былі забітыя. Свой аналіз туды ўкласці, укласці некаторыя артыкулы на гэтую тэму па Воршы. Бо, напрыклад, даследчык Зміцер Дрозд прывёў спіс 1840 чалавек, што на 100 чалавек болей, чым у мяне.
Верагодна, выданне будзе не ў папяровым, а ў электронным фармаце, дадаў Ігар Станкевіч.
Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Ворша