Іераманах Вікенцій: Мне з’явіўся сам Гасподзь
Адзіны іераманах Беларускай праваслаўнай аўтакефальнай царквы Вікенцій (у міру Віктар Кавалькоў) – былы лейтэнант ГРУ прайшоў праз пекла спецтурмы КДБ СССР.
Змешчаны ён быў для спецлячэння пасля таго, як стаў сцвярджаць у 80-гады пра існаванне Бога. У турме прайшоў праз смяротна небяспечнае лячэнне інсулінам. Якое праз пэўны час было забаронена міжнароднымі інстытутамі. Пасля прыходу да ўлады Міхаіла Гарбачова, Кавалькоў быў вызвалены. Прыйшлося шмат перажыць, а вера да Бога ўмацавалася. Здароўе было падарвана. Паспрабаваў паступіць вучыцца на мастака, але не ўзялі:
– Быў цяжкі шлях да Царквы. У свой час у мяне быў такі выпадак у жыцці, калі была кома, я апынуўся на тым свеце, хай верыць, хто хоча. Явіўся Хрыстос, сказаў, што мне трэба вярнуцца і казаць людзям, што скора ён з’явіцца.
РР: Вы яшчэ не былі святаром?
– Не. Я быў на аўганскай вайне, служыў у палітаддзеле.
РР: Былы афіцэр?
– Так. Пасля таго, як я гэта распавёў, мяне ўсяго пазбавілі. Пазвалі звання і нават тых ільгот, якія маюць аўганцы цяпер. Атрымліваю пенсію 100 даляраў. Гэта паказвае адносіны сучасных уладаў да ўсяго, што яны прапагандуюць. Я жывы помнік савецкага ладу.
РР: У якім званні вы былі?
– Лейтэнант. Быў ад самага пачатку, калі праводзілася так званая аперацыя „Шторм” па ліквідацыі Аміна.
РР: Вы ў асобым аддзеле працавалі?
– Ну так. Спецатрад падтрымкі. У той час быў спецатрад, які называўся „Мусрота” – мусульманская, а мы былі прыкрыццём.
РР: Колькі праслужылі ў Аўганістане?
– Нас прывезлі як раз перад Новым годам, калі была гэта аперацыя.
РР: Гэта ў якім годзе?
– 1979 – перад Новым годам. Пра гэта мала хто ведае. Усе лічаць, што з 1980 пачалася. Пасля Новага года мяне кантузіла, я ўжо быў у шпіталі.
РР: Доўга вы там знаходзіліся?
– Доўга. Потым я яшчэ быў у спецтурме КДБ, была такая турма.
РР: Пасля ранення ў Аўганістане вы сталі гаварыць, што да вас прыходзіў анёл?
– Гасподзь мяне ўваскрасіў. Сказалі: „Як гэта можа быць, каб савецкага афіцэра мог уваскрасіць Бог?”
РР: Колькі вы там прасядзелі?
– Пяць гадоў. Яны праводзілі так званае „спецлячэнне” – інсулінатэрапія называецца, калі чалавек памірае. Я зноў там апынуўся, але ўжо на гэты раз мне з’явіўся сам Гасподзь. Калі параніла, то з’явіўся анёл, прагучаў голас: „Яму яшчэ рана”. Тады, на спецтурме, мяне прывялі ў рай, я бачыў там людзей, быў такі добры настрой, неапісальны стан. Тады мне сказалі вярнуцца і сказаць, каб я казаў людзям, што хутка з’явіцца Хрыстос.
РР: Вы апынуліся ў спецтурме, чаму вы там зноў паміралі?
– Ужывалі „спецлячэнне” – называецца інсулінатэрапія. Гэта калі ўводзіцца ў кроў інсулін, а інсулін разводзіць цукар у крыві. Мозг харчуецца крывёй, цукрам. Памірае мозг, лічылася, што чалавек павінен змяніць свае думкі. Кароткая кома – уводзяць у вену цукар і ты павінен аджыць. Калі ўводзяць інсулін, ты паміраеш – гэта кароткая кома. Калі чалавек дрэнна ўспрымае гэта, ён можа і не выйсці.
РР: Пяць гадоў яны вас так катавалі?
– Гэта праводзіцца адзін раз, а потым забаранілі міжнароднай канвенцыяй. Працэдура лічыцца пакутнай.
РР: Вы проста сядзелі, як у турме?
– Выпусцілі мяне, калі пачалася перабудова і прыйшоў Гарбачоў. Спецтурмы былі забаронены па дамове і нас выпусцілі.
Закрытыя псіхіятрычныя спецбальніцы ў СССР знаходзіліся фактычна пад кантролем КДБ, то бок без кантролю з боку таварыства лекараў. Здзяйсняліся злоўжыванні псіхіятрыяй. У незалежнай Беларусі ў апошнія гады сталі вяртацца да такой заганнай практыкі. Як гэта стала з Алесяй Садоўскай з Маладэчна ці з Наталляй Папковай з Берасця.
Беларускае Радыё Рацыя