Ігар Аліневіч: Беларуская турма – гэта адно вялікае парушэнне правоў
Адным з сёлетніх лаўрэатаў Нацыянальнай прэміі за абарону правоў чалавека імя Віктара Івашкевіча стаў Ігар Аліневіч, былы палітвязень, аўтар кнігі “Еду ў Магадан”, у якой ён апісвае, што адбываецца ў сучасных беларускіх турмах і лагерах.
Ігар Аліневіч (Фота charter97.org)
Ігар Аліневіч правёў за кратамі больш за 5 гадоў. Выйшаў на волю летась, не прасіўшы памілавання. Пасля вызвалення ездзіў прэзентаваць сваю кнігу ў замежжы. Атрымліваючы прэмію ў Варшаве палітвязень узгадаў, наколькі важная была для яго міжнародная салідарнасць у той час, калі ён быў за кратамі:
Салідарнасць вельмі адчуваецца. За 5 гадоў, што я правёў у турмах, лагерах, людзі з розных краін зрабілі вельмі вялікую працу, правялі мноства акцый, інтэрв’ю, інфармацыйных мерапрыемстаў, збіралі для нас дапамогу. Цяпер я падарожнічаю па гарадах. Усё, што адбылося, быццам бы машына часу пераносіць назад. Вельмі незвычайна і кранальна тое, што людзей сапраўды хвалюе сітуацыя ў Беларусі, што яны разам з нашымі сем’ямі перажывалі нашыя арышты, прысуды. Для мяне асабліва закранула тое, што былыя вязні турмаў з польскай “Салідарнасці” ці з Чэхіі таксама ўнеслі вялікі ўклад, у прыватнасці перадавалі рэчы, збіралі грошы, прадукты. Цяпер яны ва ўладзе, людзі з вялікім імем, са становішчам. Як толькі ідзе гаворка пра турмы, яны рэагуюць зусім па-іншаму, яны адразу ведаюць, што рабіць, і перажываюць, як быццам бы гэта здарылася з імі, з іх блізкімі родзічамі.
РР: Парушэнняў правоў чалавека ў турме заўсёды больш чым на волі напэўна ў любой краіне. Але як выглядае сітуацыя ў Беларусі, калі пануе дыктатарскі рэжым, то турмы выглядаюць уласна так, як апісана ў Вашай кнізе.
Ігар Аліневіч: Справа ў тым, што нельга ўвогуле проста казаць пра парушэнні правоў чалавека ў беларускіх турмах. Таму што сама беларуская турма, яе нават нельга назваць беларускай, гэта савецкая турма. Яна сама па сабе ёсць велізарным парушэннем правоў чалавека.
Калі ў 1991 годзе рынуў Савецкі Саюз, шмат што змянілася, толькі не турмы. Увесь досвед, які гэтыя турмы накапілі са сталінскіх гадоў, з пазнейшых савецкіх часоў, ён увесь паступова эвалюцыянуе. Ён перайшоў у 90-ыя, перайшоў у 2000-ыя, ён перайшоў у 2015 год, і ён не становіцца лепшым. Яго прыхарошваюць, прыпудрываюць, але ўнутры па сутнасці становіцца толькі горш. Гэтыя рэчы не называюць сваімі імёнамі.
Гэты метад вельмі нагадвае, як дзейнічала Штазі ў ГДР. Яны стараліся пазбавіцца ад палітычных праціўнікаў альбо ўздзейнічаць на грамадства невідавочным чынам. Але пры гэтым распрацоўваўся навукова вывераны комплекс мер, каторы паказаў, што ён яшчэ больш эфектыўны, чымся адкрытыя рэпрэсіі. Быццам бы і нельга сказаць, што нехта цябе прыгнятае, а на справе, вынік пераўзыходзіць прыгнёт. Людзі закрываюцца, людзі губляюць свае маральныя каштоўнасці, людзі выкідваюцца з жыцця. І ўсё гэта падаецца пад прыгожым соўсам законаў, правілаў унутранага парадку, што гэта быццам бы “для дысцыпліны, для выхавання”. Гэтая крывадушнасць абурае яшчэ мацней, чым самыя рэпрэсіі.
РР: Вы маеце цяжкі, складаны досвед. Як выйсці з савецкае турмы і застацца чалавекам, застацца сабою?
Ігар Аліневіч: Па-першае, не магу сказаць, што я гэта зрабіў сам, што гэта выключна мая заслуга. Для мяне было вельмі важна захаваць твар перад маімі блізкімі, перад маімі сябрамі, перад маімі саратнікамі. Потым, на працягу гадоў адсідкі для мяне велізарнае значэнне мелі кнігі вязняў ГУЛАГу і іншых савецкіх лагероў, турмаў. І я разумеў, што калі людзі прайшлі сапраўднае пекла, яшчэ большае, чым цяперашняе, то я проста не маю права зрабіць крок назад, крок у бок, пайсці на кампраміс. Гэтыя людзі памерлі, а іх маральная сіла дапамагала і сёння мне, іншым зняволеным, палітычным, непалітычным – няважна. Як нехта казаў: “Час свеціцца святлом людзей, якія ўжо даўно сышлі.” У маёй сітуацыі гэта было менавіта так, я ім вельмі ўдзячны.
Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя