Ігар Банцар: Дапаможам гарадзенцам паехаць на лецішчы электрацягніком
Грамадскі актывіст Ігар Банцар атрымаў адказ на зварот у гарадзенскі аблвыканкам наконт пераводу шляхоў дызель-цягнікоў у бок населенага пункта Брузгі на электрацягнікі.
Актывіст лічыць, што гарадзенскія чыноўнікі адказалі яму вельмі дзіўна:
– Я напісаў на імя старшыні аблвыканкама зварот з просьбай даць мне адказ аб магчымасці замены дызель-цягнікоў, якія ходзяць па маршруце Гародня-Брузгі, на электрацягнікі. Матываваў гэта тым, што, па-першае, дызель-цягнікі псуюць экалогію, а электрычкі – не. А па-другое, такая замена дазволіць выканаць тыя задачы, якія ставіць Савет міністраў у сваёй пастанове, а менавіта, павялічыць долю спажывання электраэнергіі.
На думку Ігара Банцара адказ гарадзенскіх чыноўнікаў мае два розных аспекты, адзін з якіх ён зусім не зразумеў:
– На дадзеным участку чыгуначнага шляху няма неабходнай інфраструктуры для пасадкі і высадкі пасажыраў. Атрымліваецца тады заканамернае пытанне: калі такой інфраструктуры на дадзены момант няма, як тады ладзіцца пасадка і высадка пасажыраў, якія карыстаюцца паслугамі дызель-цягнікоў? Тое, што я магу зразумець, гэта: на дадзеным участку кантактная сетка, якая зараз выкарыстоўваецца для адзінага цягніка, які ходзіць у кірунку Польшчы Гародня-Кракаў, які выкарыстоўвае электрычную цягу, гэта тое, што там кантактная сетка пастаяннага электрычнага току. У той жа час, што беларуская чыгунка выкарыстоўвае цягнікі, якія працуюць на пераменным току.
Актывіст збіраецца далей ліставацца з кіраўніцтвам Беларускай чыгункі, каб дамагчыся таго, каб да 2025 года на гэтым кавалку чыгункі з’явіліся электрацягнікі.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота Сяргея Апановіча