Ігар Банцэр: Мяне заразілі гепатытам у турме



Гарадзенскі палітзняволены і музыка Ігар Банцэр, якога апошнія дні шукае міліцыя, атрымаў у прыватных медычных установах горада дыягназ, што ён хворы на гепатыт Ц.

Для Ігара такі дыягназ быў вельмі дзіўным, і ён лічыць, што гэтае захворванне мог атрымаць у турме:

– Дасюль знаходжуся ў прастрацыі. Калі даведаўся, я быў у шоку. Мне зрабілі другі, паўторны тэст, і таксама пацвердзіла гэта. І, на жаль, я не бачу варыянтаў, то што я тут зорка рок-н-ролу і жыву па прынцыпе сэкс –драк с рок-н-ролам, як кажуць. Што можна было б на гэта спасылацца, што там нейкія палавыя сувязі бескантрольныя, наркаманія нейкая. Але я кажу, што я ніколі не займаўся гэтай тэмай, поліаморай, і ніколі не калоўся. Таму для мяне гэта было абсалютна нечакана. І такая навіна малапрыемная.

Па словах Ігара, вязні з такім дыягназам ёсць у беларускіх турмах:

– Яшчэ калі сядзеў у турме, то я, карыстаючыся міжкамернай нелегальнай сувяззю, размаўляў з рознымі людзьмі. З тымі, хто меў СНІД, гепатыт, размаўляў і кантактаваў фізічна. Сэнс у тым, што гэта нармальная практыка, і людзі сядзяць з самымі рознымі захворваннямі. Пытанне толькі – наколькі медыкаментычна ёсць падтрымка з боку той установы, у якой яны знаходзяцца.

Ігар Банцэр вядомы тым, што зладзіў вулічны перформанс, за які атрымаў 1,5 гадовы тэрмін. Ігар трымаў сухую галадоўку 16 дзён у гарадзенскай турме, быў выпушчаны дадому пасля абвяшчэння прысуду 19 сакавіка 2021 года

Перагляд справы Ігара Банцэра адбудзецца 20 траўня 2021 года ў гарадзенскім абласным судзе.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Сяргея Апановіча